Віталь Рымашэўскі. Ад народнага байкоту выбараў да агульнанацыянальнага байкоту рэжыму
Пасля кожнага паходу апазіцыі на «выбары» рэйтынг даверу народа да дзеючай улады павялічваўся, расла ўпэўненасць грамадзян краіны, што ў Беларусі выбары адбываюцца свабодна. (Усе жадаючыя могуць пераканацца ў гэтым, вывучыўшы матэрыялы сацыялагічных даследаванняў НІСЭПД).
Выключэннем з’яўляецца толькі кампанія 2010 года. Але ў снежні 2010-га ўлады самі падарвалі давер народу брутальным разгонам дэманстрацыі, арыштамі кандыдатаў у Прэзідэнты, масавымі рэпрэсіямі. З розных прычынаў дэмакратычныя сілы не змаглі выпрацаваць агульную стратэгію на 2012 год. Ва ўлады такая стратэгія ёсць, і яна паэтапна рэалізуецца. Яе сутнасць зводзіцца да наступнага:
Прысутнасцю апазіцыйных кандыдатаў забяспечваецца яўка выбаршчыкаў на «выбары». У палатку прызначаюцца некалькі чальцоў апазіцыйных арганізацый. Потым з гэтых людзей паспрабуюць зрабіць аснову для «сістэмнай» апазіцыі. Захаду ўлада «прадае» выбары як дэмакратычныя альбо «больш дэмакратычныя, чым мінулыя» і патрабуе прызнання выбараў і аднаўлення палітычных і эканамічных кантактаў, падмацоўваючы свае словы абяцаннямі выпусціць некалькіх палітвязняў. Акрамя таго, выбары па такім сцэнары павялічваюць легітымнасць рэжыму сярод насельніцтва краіны.
У гэтай сітуацыі адзінае дзеянне, колькі-небудзь небяспечнае для ўладаў – БАЙКОТ. Байкот не толькі зрывае планы ўладаў на бліжэйшыя «выбары», паспяховая кампанія байкоту стане першым крокам да нацыянальнага негвалтоўнага супраціву рэжыму. Асноўная стратэгія негвалтоўнага супраціву – адмова падтрымліваць незаконную ўладу.
Рэжым Лукашэнкі добра падрыхтаваны да падаўлення масавых акцый пратэсту, але ён не можа абысціся без падтрымкі грамадзян. Кожны чалавек выходзіць на працу, плаціць падаткі, ідзе на выбарчы ўчастак. Супраціў – гэта не толькі гатоўнасць выйсці на плошчу, гэта і здольнасць аб’яднацца, паставіць ўмовы перад рэжымам і, калі ён не выконвае закон, разам адмовіцца яго падтрымліваць …
Калі ўлады адмаўляюць народу ў праве на свабодныя выбары, народ мае канстытуцыйнае права на агульнанацыянальны страйк. Відавочна, што сёння беларусы не гатовыя да такіх масавых актаў пратэсту. Рэжым выкарыстоўвае страх як сваю галоўную зброю. Беларусы баяцца страціць працу, баяцца арыштаў, баяцца рэпрэсій … Страх стаў асновай і духоўнай сутнасцю дзеючай улады.
Байкот «выбараў» дазволіць зрабіць першы крок у пераадоленні гэтага страху, першы невялікі крок да арганізаванага народнага супраціву.
За байкот практычна аднагалосна прагаласавалі ўдзельнікі мітынгу 25 сакавіка 2012 года – тыя, дзякуючы каму сёння існуе дэмакратычная апазіцыя, тыя, хто ўжо сёння кінуў выклік рэжыму. Заўтра да гэтых людзей далучацца мільёны беларусаў.
Кампанія байкоту не скончыцца з парламенцкімі выбарамі. Дзень «выбараў» 2012 года будзе толькі адным з этапаў кампаніі па вызваленні беларускага народа ад страху і дыктатуры.