Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень
«Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага;
Ён уваскрос, Яго тут няма» (Мк 16, 6).
1. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, усе людзі добрай волі!
Гэтыя словы Евангелля паводле Марка Касцёл прапануе нашай увазе сёння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста. Евангеліст Лука падае іх наступным чынам: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5–6).
Пабожныя жанчыны прыйшлі да магілы Езуса, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела алеем. Аднак замест таго, каб знайсці свайго Настаўніка, яны знайшлі пустую магілу і адсунуты ад яе камень. Збянтэжаныя і ў адчаі, яны думалі, што Яго цела ўкралі ці перанеслі ў іншае месца.
2. У той жа час анёл ставіць ім фундаментальнае пытанне: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»
Што гэта за пытанне? Дзе яшчэ яны павінны шукаць Езуса? Яны добра ведалі, што Ён памёр на крыжы, і ведалі, дзе быў пахаваны. Таму зразумела, што яны шукалі памерлага сярод памерлых, бо толькі там можна знайсці пахаванае цела. Больш за тое, на самой справе Езус усё сваё зямное жыццё правёў сярод памерлых. Калі Адам не паслухаўся наказу Бога, то гэтым самым ён адчыніў дзверы для граху. У выніку грэх і смерць запанавалі ў свеце.
Сын Божы прыйшоў у свет, дзе дамінуе грэх і смерць. Аднак Ён прыйшоў, каб прабываць сярод смерці і няшчасцяў як Жыццё свету. Да Яго спяшаліся розныя хворыя і пракажоныя, бацькі памерлых дачок і маці памерлых сыноў і г.д. Езус правёў сваё жыццё сярод сляпых, кульгавых, глухіх, нямых, грэшнікаў, апантаных нячыстымі духамі і г.д. Жывучы сярод няшчасцяў і смерці, Валадар Жыцця паддаўся ёй на дрэве крыжа і зышоў у магілу.
Нягледзячы на гэта, анёл пытаецца: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Езус пражыў сваё жыццё як Валадар Жыцця сярод памерлых, быў пахаваны як кожны з іх, але на трэці дзень пасля сваёй смерці Ён ужо не быў сярод іх. Ён уваскрос у першы дзень новага тыдня. Слова «новы тыдзень» трэба разумець як новы час, бо з уваскрасеннем Хрыста распачаўся час збаўчай Божай ласкі.
Калі б сёння археолагі знайшлі косткі Езуса ў магіле, то мы б ведалі, што гэта быў падман. Але іх не знайшлі і не знойдуць. Езуса там няма, бо Ён уваскрос і сядзіць праваруч свайго нябеснага Айца. Мы ведаем, дзе Яго можна знайсці — у небе з вечна жывым Айцом і Святым Духам, а таксама ў нашай Галілеі, якой з’яўляецца Касцёл — месца спаткання чалавека з Богам.
3. Мы гэта добра ведаем, але адначасова жывём, як быццам не ведаем. Часта мы падобныя да евангельскіх жанчын, якія прыйшлі да пустой магілы Хрыста, і нярэдка шукаем жывога сярод памерлых. Сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі. Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляй Божай сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г.д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: «Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой зробак большы, чым у іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве».
Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман. З’яўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да змешвання сэнсу з глупствам, праўды з хлуснёй, жыцця са смерцю. Мы на ўсё згаджаемся, кажам адначасова «так» і «не». Не хочам, каб Бог прыходзіў да нас і быў прысутны ў нашым жыцці. Прымаем Хрыста пад патранатам трох сучасных святых: святога кампрамісу, святога спакою і святой памяркоўнасці. Паводле такога бачання, Бог згаджаецца на ўсё, а Яго прабачэнне не адбываецца паводле прынцыпу навяртання, жалю, пастанаўлення выправіцца і называння зла злом, а дабра дабром. Мы часта думаем, што Ён кажа нам: «Ты ж такі добры і любімы, што пойдзеш у неба, нягледзячы на тое, што б ты ні чыніў».
Усё гэта не што іншае, як здрада Евангеллю. Святы апостал Павел кажа, што ўсё належыць да адноўленага праз Хрыста свету. У ім няма розніцы, бо ва ўсім ёсць Хрыстус. Калі мы стараемся адрозніваць сябе паводле сацыяльнага, эканамічнага ці палітычнага статусу, гэтым самым мы здраджваем Евангеллю, здраджваем абвяшчэнню ўваскрасення. Менавіта таму анёл зноў пытаецца ў нас: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»
4. Замест таго, каб шукаць нашага жыцця сярод памерлых, святы Павел заклікае весці барацьбу з духоўнай смерцю. Навучаючы, што Хрыстус — гэта нашае жыццё, ён таксама навучае, што мы павінны памерці для граху і ўваскрэснуць да жыцця ў Божай ласцы. Гэты рашучы пераход у навучанні святога апостала Паўла абумоўлены патрабаваннем Евангелля Уваскрасення. Калі Хрыстус з’яўляецца нашым жыццём, то і нашае жыццё павінна быць падобным да Яго жыцця. А жыццё Езуса было пастаяннай перамогай над смерцю. Ён смерцю смерць перамог. Фінальная перамога над смерцю — гэта ўваскрасенне Хрыста.
Дык чаму ж мы працягваем шукаць жывога паміж памерлымі? Гэтае пытанне анёла да пабожных жанчын, узгаданае сёння ў літургіі, становіцца пытаннем да нас.
5. Ці ўваскрасенне Хрыста з памерлых не з’яўляецца вялікай перамогай над смерцю? Нездарма святы апостал Павел усклікае: «Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» (1 Кар 15, 55). Хрыстус перамог смерць. Ці гэта не Добрая Навіна? Як людзі, мы баімся смерці. Мы нават стараемся весці гандаль са смерцю, прымаючы розныя медыцынскія прэпараты, якія, як мы думаем, патрэбны, каб жыць доўга, быць здаровымі і шчаслівымі. Але сёння Хрыстус паказвае нам, што смерць — гэта не тое, чаго мы павінны баяцца, бо гэта не канец. Сённяшняе Евангелле распавядае нам пра пустую магілу, якая паказвае, што нават смерць не мае над намі сваёй сілы, бо Хрыстус перамог у гэтай барацьбе за нас. Для Езуса і для ўсіх Яго вызнаўцаў смерць — гэта толькі пераход у вечнасць.
Гэта праўда, што мы баімся смерці, бо яна азначае цемру. Гэта канец нашай надзеі, старанняў, мараў. Аднак Хрыстус паказвае, што гэта не так. Ён паказвае сябе як святло ў канцы гэтага глыбокага і цёмнага тунэлю. Таму давайце святкаваць гэты дзень! Давайце святкаваць нашае збаўленне! Мы ўжо больш не знаходзімся ў цемры граху, але ў святле Хрыста, якое ніколі не заходзіць.
6. У адной са школ настаўніца распавядала вучням гісторыю пра Езуса. У класе быў адзін вучань нехрысціянін, для яго ўсё было новае і таму ён слухаў вельмі ўважліва. Калі настаўніца сказала, што Езус быў асуджаны на смерць і прыбіты да дрэва крыжа, хлопец усклікнуў: «Не! Гэта вельмі дрэнна!» Калі, аднак, настаўніца распавяла пра тое, што Езус уваскрос на трэці дзень, то хлопец радасна ўсклікнуў: «О! Няма слоў, якая натхняючая гісторыя!» Калі ў Вялікую пятніцу мы разважалі пра крыжовую смерць Хрыста, то многія з нас звычайна па-чалавечы казалі: «Як кепска і не гуманна!» Сёння мы ўсклікаем зусім інакш: «Якая вялікая надзея, смерць пераможана!» «Вось дзень, які даў нам Пан: парадуемся і ўзвесялімся ў ім!» (пар. Пс 118 (117), 24).
Чаму нашы сэрцы перапоўнены радасцю? Таму што наша вера ў Хрыста была пацверджана, праўда затрыўмфавала над няпраўдай, справядлівасць над несправядлівасцю, трагедыя стала перамогай. Падобныя перажыванні спадарожнічаюць нам, калі мы глядзім на супергероя коміксаў пра «чалавека-кажана» (на англійскай мове так званага Бэтмэна). Напачатку злодзеі і жулікі нападаюць на нявінных людзей, іх рабуюць і катуюць. Тады мы сябе адчуваем вельмі дрэнна. Але потым нечакана з неба прыходзіць «чалавек-кажан», які перамагае нападаючых і вызваляе запалоненых. І мы адчуваем сябе зусім інакш.
Гісторыя мукі і смерці Хрыста — гэта гісторыя трыумфу фальшу над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, злога духа над дабром. Езус быў фальшыва абвінавачаны за злачынствы, якіх не здзейсніў, несправядліва асуджаны на смерць, якой не заслужыў. Адзін з вучняў здрадзіў, верныя прыяцелі пакінулі, а Пётр, якому Ён вызначыў быць першым, ажно тры разы адрокся ад Яго. Людзі, якіх Ён любіў, заклікалі Яго ўкрыжаваць і выпусціць на свабоду злачынцу Бараббу. Гэта гісторыя здрады і хлусні, несумленнасці і ганебнасці, нявернасці і гвалту, накіраваная супраць нявіннай і бездапаможнай ахвяры. Усё гэта прыходзіць нам у галаву ў Вялікую пятніцу, калі мы бачым Езуса бічаванага, высмеянага, прыбітага да дрэва крыжа, на якім Ён памёр, а затым быў пахаваны. Калі б гэта быў канец Ягонай гісторыі, то сапраўды гэта была б вельмі сумная гісторыя. Але, дзякуй Богу, гэта не так.
Смерць — гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, «смяецца той, хто смяецца апошнім». І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе свята Пасхі.
Сапраўды, Добрая Навіна ёсць у тым, што праўда Хрыстова несмяротная. Яе можна пераследаваць, можна абвінаваціць у ілжывасці, можна асудзіць, можна пахаваць у магіле і г.д., як гэта было некалькі дзесяцігоддзяў таму на нашай зямлі. Яле яна ўваскрэсне на трэці дзень.
Нам неабходна памятаць аб гэтым у наш час новых ганенняў на хрысціянства. Аб чым сведчыць прыняцце ў многіх краінах свету, якія нават ганарацца развітой дэмакратыяй, супярэчных Божаму і натуральнаму закону пастановаў, забарона хрысціянскіх сімвалаў, імкненне ўчыніць веру прыватнай справай чалавека. Сёння няўзброеным вокам бачна ўсё большае праяўленне секулярных і лібералістычных тэндэнцый і прапаганды матэрыяльнага атэізму. Сучасны чалавек усё часцей і часцей адракаецца ад Бога і жыве так, як быццам Яго зусім няма. Гэта шлях у нікуды.
У святле праўды Уваскрасення нам, дарагія браты і сёстры, неабходна памятаць аб несмяротнасці Хрыстовай праўды і ніколі не адмаўляцца ад яе, нават калі іншыя адмаўляюцца, бо праўда заўсёды застаецца праўдай. Як мы верым у тое, што сонца ёсць і свеціць, нават калі за хмарамі яго не бачна, так нам трэба верыць, што праўда Хрыстова існуе, і з ёй трэба лічыцца.
Вось чаму Касцёл сёння пытаецца ў нас: «Чаго шукаеце жывога сярод памерлых?» Ён кажа нам радавацца, нават калі нам цяжка. Ён кажа верыць ва ўваскрасенне Хрыста і жыць Ягонай праўдай.
Нават сучасны секулярызаваны свет пачынае звяртаць увагу на неабходнасць жыцця паводле гэтай праўды. Так, былы старшыня Еўракамісіі Жак Дэлор заклікаў Еўропу вярнуцца да хрысціянскіх каранёў і рэанімаваць душу Еўропы (пар. http://www.portal-credo.ru/site/?act=news&id=88938).
7. У Ірландыі ў мясцовасці Нью-Грэйндж прыкладна ў 60 км ад Дубліна знаходзіцца славутая ў свеце дагістарычная грабніца, збудаваная каля 3000 года да нараджэння Хрыстовага. Спецыфічным яе элементам ёсць тое, што ў дзень зімовага сонцастаяння 21 снежня падчас усходу сонца яго прамяні праз праход 18-ці мятровай даўжыні трапляюць на цэнтральнае месца пахавання. Грабніца збудавана так, што на ўсходзе сонца ў самы кароткі дзень яго святло асвятляе месца пахавання на працягу 17 хвілін.
Чаму такая канструкцыя гэтай грабніцы? Ніхто не ведае дакладна. Адна з гіпотэз кажа, што будаўнікі верылі ў тое, што сонечны прамень забярэ душу памерлага ў новае жыццё. Зыходзячы з праўды аб уваскрасенні Хрыста, мы можам сказаць, што яны чакалі Збаўцу і верылі ва ўваскрашэнне. Як сонца вясной абуджае прыроду да новага жыцця, так і ў той грабніцы нават у самы кароткі дзень павінна было быць сонца, каб даць надзею на ўваскрашэнне пахаванага чалавека.
Калі 3000 гадоў да нараджэння Хрыстом людзі верылі ва ўваскрашэнне, то якія ж мы шчаслівыя, калі ведаем аб гэтай праўдзе! Таму мы не павінны шукаць жывога сярод памерлых, але жыць праўдай Уваскрасення.
8. Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Віншую ўсіх вернікаў-католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята. Віншую таксама і праваслаўных, якія праз тыдзень будуць спяваць радаснае «Алелюя». Пасха Хрыстова — гэта наша супольнае хрысціянскае свята, якое заклікае нас не шукаць жывога сярод памерлых і радавацца перамозе жыцця. Аб’яднаем нашы духоўныя сілы і намаганні ў абароне Божай праўды, якая вядзе да сапраўднага жыцця і шчасця ў Божай ласцы, якога ніхто і нішто не можа нас пазбавіць.
Віншую ўсіх людзей добрай волі. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Уваскрасеннем збавіў усіх людзей, і таму наша радасць мае права быць супольнай.
Усім вам жадаю моцы Уваскрослага, Яго уваскрасаючай з магілы граху ласкі; жадаю радасці, шчасця і надзеі.
Няхай радаснае «Алелюя» гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай збаўчая Пасха ідзе па зямлі, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! І мы павінны ўваскрэснуць да новага жыцця ў Божай ласцы!
Давяраючы ўсіх вас Марыі — Маці ўваскрослога Пана — свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Мінск, 25 сакавіка 2012 г.
V Нядзеля Вялікага посту