Віталь Рымашэўскі: мы ведаем, у якіх умовах знаходзіцца Касцёл (відэа)
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі лічыць, што выказванні мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды пазіцыі Каталіцкага Касцёлу адносна палітычных зняволеных і галадовак не паўплываюць на адносіны партыі і яе сяброў-каталікоў.
“Не трэба рабіць выгляд, што мы жывем у дэмакратычным грамадстве. Мы з разуменнем ставімся да таго становішча, у якім вымушаныя існаваць сёння ўсе канфесіі ў Беларусі”, – заявіў Рымашэўскі 9 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Нагадаем, Тадэвуш Кандрусевіч выказаў пазіцыю Каталіцкага Касцёлу аб праблеме смяротнага пакарання, палітычных зняволеных і галадовак. Праблему палітвязняў арцыбіскуп пракаментаваў так: “Магчыма, не вельмі этычна задаваць духоўнай асобе такое пытанне. Мы служым ўсім людзям і молімся за ўсіх людзей. Справы палітычныя – гэта справы палітычныя. Мы займаемся духоўным акармленнем людзей”. Галадоўку палітвязня Сяргея Каваленкі Кандрусевіч не падтрымлівае, бо “кожны чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе”.
Каментуючы пазіцыю Каталіцкага Касцёлу, Рымашэўскі адзначыў: “Падчас савецкіх ганенняў патрыярха Сергія вымусілі заявіць, што ў Савецкім Саюзе няма рэпрэсій вернікаў. Калі б ён так не сказаў, многія святары і вернікі маглі быць адпраўлены ў ГУЛАГ і расстраляныя. Зыходзячы з такога выбару ён рабіў падобныя заявы. Цяпер можна казаць пра менш масавыя рэпрэсіі, але беларускія ўлады ў якасці прыкладу бяруць сталінскія часы. Іншымі прычынамі немагчыма растлумачыць тое, што яны ставяць помнікі Сталіну, Дзяржынскаму”, – сказаў палітык.
Ён падкрэсліў, што разумее, у якой сітуацыі знаходзіцца і Кандрусевіч, і ўсе астатнія прадстаўнікі Касцёлу. “На каталіках – сябрах БХД і на падтрымцы БХД Касцёлам гэта ніяк не адаб’ецца”, – упэўнены Рымашэўскі.