Нерэгістрацыя партыі БХД будзе абскарджаная ў структурах ААН

09 красавіка 2012 16:23  |  БХД

Нерэгістрацыю партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ініцыятары яе стварэння абскардзяць у Камітэце па правах чалавека ААН, паведаміў 9 красавіка на прэс-канферэнцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі.

 

Як раней паведамлялася, Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся прыняць да разгляду скаргу аргкамітэту БХД у дачыненні да Мінюсту аб нерэгістрацыі партыі. “Мы пададзім скаргу ў парадку нагляду старшыні Вярхоўнага суду. Але мы і без таго ведаем, што скардзіцца на Вярхоўны суд яго старшыні – справа бессэнсоўная. Таму мы будзем рыхтаваць скаргу ў КПЧ ААН аб парушэнні правоў грамадзян на свабоду асацыяцый”, – сказаў Рымашэўскі.

Паводле яго словаў, зараз Беларусі, як ніколі, патрэбныя добрыя стасункі з Еўрасаюзам. “Нам трэба выплачваць шматмільённыя крэдыты. І вердыкт КПЧ ААН будзе толькі чарговым рычагом уздзеяння на беларускія ўлады. Ніхто не захоча зноў выдаваць крэдыты ненадзейнаму партнёру”, – адзначыў Рымашэўскі.

 

Пры гэтым ён адзначыў, што скарга будзе пададзеная калектыўная. “Мы ведаем, што разгляд спраў у КПЧ ААН можа доўжыцца месяцамі, і нават гадамі. Але ў дачыненні да Беларусі – іншая тэма. Па-першае, там скаргі беларускіх грамадзян разглядаюць хутчэй. Па-другое, калектыўная скарга разглядаецца яшчэ хутчэй. І як толькі мы атрымаем адказ ад старшыні Вярхоўнага суду аб адмове ў нашай скарзе, дык адразу ж падамо пазоў у КПЧ ААН “, – сказаў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін