Павел Севярынец: гэта – пасланне-пагроза
У панядзелак, размаўляючы з паслом Суверэннага Мальтыйскага Ордэна Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам, Аляксандр Лукашэнка выказаў прэтэнзіі ў адрас Каталіцкага Касцёлу.
“Вядома, скажу шчыра, мы разлічвалі на большае ў супрацоўніцтве з Каталіцкім Касцёлам. Лічым, што каталіцкая Царква відавочна не дапрацоўвае ў наладжванні стасункаў паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай. Я нават не кажу ў цэлым аб Еўрапейскім саюзе, таму што вядома, хто там гуляе першую скрыпку “, – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пракаментаваць гэтыя выказванні Лукашэнкі UDF.BY папрасіў сустаршыню Партыі БХД, палітвязня Паўла Севярынца.
– Чаму Лукашэнка абрынуўся на Каталіцкі Касцёл з абвінавачваннямі ў пасіўнасці?
– Думаю, тут прысутнічаюць дзве прычыны.
Лукашэнка лічыць, што дае пляцоўкі для будаўніцтва касцёлаў, дае развівацца каталікам, за што Касцёл павінен аддзячыць, адбельваючы яго рэпутацыю на Захадзе.
Гэта – пасланне-пагроза. Калі Касцёл не будзе дапамагаць рэжыму на Захадзе, калі Ватыкан адмовіцца быць адвакатам Лукашэнкі на Захадзе, рэжым можа прышчыкнуць каталікоў тут, у Беларусі. Менавіта так Лукашэнка размаўляе з Захадам, так размаўляе з журналістамі. Для яго гэта звыклы шантаж – “вашым мала не падасца” …
– Але ж Каталіцкі Касцёл і так адчувае ў Беларусі сур’ёзныя праблемы, што, у першую чаргу, тлумачыцца беларуска-польскімі адносінамі. Чым можа абярнуцца для “непадпарадкаванне” Касцёла?
– Ёсць шэраг пытанняў па будаўніцтву касцёлаў. Дзяржава можа папросту забраць землі, выдзеленыя пад будаўніцтва касцёлаў. Траціна каталіцкіх святароў не з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, таму іх папросту могуць “папрасіць” з Беларусі. Ёсць традыцыйны набор рэчаў, якія складаюць ціск на свабоду веравызнання – праваабарончыя арганізацыі штогод фіксуюць сотні такіх выпадкаў.
Гэта папярэджанне: Касцёл адмаўляецца лабіраваць інтарэсы Лукашэнкі, рэжым можа правесці масіраваную атаку на каталікоў. Менавіта з гэтым, мне здаецца, і звязаныя асцярожныя выказванні Касцёла публічна – у страху, што дзяржава пачне ціснуць, прэсаваць.
– А чаму такога “гонару” ўдастоена толькі Каталіцкая Царква – Праваслаўная засталася ў баку?
– Калі казаць пра рычагі ўплыву на Расею, такімі рычагамі з’яўляюцца ваенныя, губернатары, палітычныя сілы, якія з’яўляюцца прыхільнікамі Лукашэнкі. Праваслаўная Царква ў гэтым плане гуляе дапаможную ролю. Пры ранейшым патрыярху Аляксіі Лукашэнку атрымоўвалася лабіраваць свае інтарэсы, пры цяперашнім – Кірыле гэта рабіць складаней.
Пры адсутнасці еўрапейскіх паслоў у Менску, калі палітвязнямі ўжо не ўзяць Еўропу, Лукашэнка, мабыць, лічыць, што гэта той самы спосаб і метад, якім можна ўздзейнічаць на еўрапейцаў. Таму так часта падымаецца тэма аб сустрэчы Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы і Папы Рымскага ў Мінску, так часта заходзіць гаворка пра канкардат … Але гэта таксама – гандаль, шантаж. Гэта не тая мова, на якой трэба гаварыць з Царквой …
– На Ваш погляд, наколькі апраўданыя надзеі Лукашэнкі, што Ватыкан зможа стаць адвакатам на Захадзе?
– Гэта складанае пытанне. Адкажу як просты вернік. Калі чалавек здзяйсняе амаральныя ўчынкі, пераследуе грамадзян сваёй краіны, дапамагаць такому чалавеку захаваць уладу – гэта амаральна. Царква проста не можа ўдзельнічаць у такіх палітычных ігрышчах.