Ігар Тумаш. Гісторыя Вялікага тыдня. Цуд, тое, што здарыўся ў страшны дзень
Ігар Тумаш – сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2010 года – сябар абшчыны поўнаевангельскай царквы «Новае Жыццё». Выкладчык нядзельнай школы. Менавіта ў гэтую царкву ён і ехаў 11 красавіка 2011 г на трэнінг «Выратуем нацыю». З рызыкай для ўласнага жыцця (раней ён перанёс інсульт, у выніку стрэсу ў яго быў гіпэртанічны крыз, які мог бы справакаваць чарговы ўдар) вынес параненага з падарванай станцыі метро.
Прайшоў год пасля тэракту 11 красавіка 2011 года, у выніку якога загінула 15 і пацярпела яшчэ каля 300 беларускіх грамадзян. Ды і ўся краіна, можна сказаць, атрымала аплявуху.
Цяпер самы прыдатны час расказаць пра тую падзею, што ўзрушыла ўсё маё жыццё. Тым больш, што гадавіна тэракту прыйшлася на Вялікі велікодны тыдзень.
Ад смерці або ранення мяне выратаваў цуд Гасподні. Бо я знаходзіўся ў тарцы трэцяга вагона і сядзеў у самым куце. Выбух адбыўся насупраць пярэдняга (калі па ходзе) выхаду з другога вагона. Такім чынам, ад эпіцэнтру выбуху, калі па прамой, я быў за метраў пяць-дзесяць. І сядзеў насупраць акна, раскіданага на тысячы аскепкаў. Але ніводны аскепак мяне не зачапіў! Ніводны!
Я знайшоў сябе з галавы да ног у чужой крыві, але цэлым і непашкоджаным. Яшчэ і атрымалася дапамагчы аднаму з пацярпелых.
Шчасліўчык?
Тут іншае. Інакш і быць не магло, таму што я ехаў не ў казіно-кіно, а ў царкву.
Рэабілітацыя, у цэлым, прайшла нармальна. Хоць, шчыра прызнаюся, былі дні, калі літаральна лез на сценку.
Што ў выніку ўсяго?
Ведаеце, я і да тэракту быў вернікам. А пасля цудоўнага выратавання выявіў сябе глыбокім вернікам.
Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх хрысціян Беларусі са Святым днём! Жадаю ім Божага ва ўсім кіраўніцтва і ласкі!