Віталь Рымашэўскі. Эканамічныя санкцыі: хто вінаваты і што рабіць?

12.04.2012, 13:30  |  Галоўныя навіны, Блог Віталя Рымашэўскага, Палітыка, Грамадства

У апошні месяц дзяржаўныя СМІ выбухнулі істэрыяй з нагоды эканамічных санкцый з боку Еўрасаюза і выкрыцця нібыта вінаватых у гэтым апазіцыянераў.

Аналізуючы увесь гэты "паток праўдзівай інфармацыі" ў СМІ, праведнага абурэння "народных мас" і "разумных аргументаў" незалежных аналітыкаў, неабходна дакладна ўсвядоміць дзве рэчы:

Па-першае, НІЯКІХ НОВЫХ ЭКАНАІЧНЫХ САНКЦЫЯЎ з 19 снежня 2010 года ЕС не ўводзіў (і, як паказвае практыка адносін Беларусь-ЕС, у прынцыпе ўвесці не здольны).

Дастаткова ўважліва прачытаць паведамленні аб апошніх "страшных санкцыях" з боку ЕС: у спіс патрапілі толькі 2 бізнэсмэны - Анатоль Тарнаўскі і Юры Чыж. У спісе фірмаў - кампаніі, якія належаць ім і яшчэ аднаму беларускаму бізнэсоўцу Уладзіміру Пефціеву. Аднак у спіс не трапіла кампанія Чыжа, якая супрацоўнічае са Славеніяй, і тры яго кампаніі, якія маюць дзелавыя сувязі з Латвіяй. Гэта значыць, "гаманцы рэжыму" могуць па-ранейшаму бесперашкодна весці бізнес з ЕС.

Прытрымліваючыся такой логікі, Чыжу і Тарнаўскаму павінны былі забараніць ўезд у ЕС толькі па панядзелках, серадах і пятніцах, а не цалкам. Але еўрапейскія палітыкі павінны "захаваць твар" перад сваімі ж выбаршчыкамі.

Па-другое, таваразварот Беларусі з краінамі ЕС у 2011 годзе павялічыўся больш чым на 60%. Гэта азначае, што на самой справе ЕЎРАПЕЙСКІ САЮЗ ЭКАНАМІЧНА ПАДТРЫМЛІВАЕ БЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ.

Страцім незалежнасць?

Увядзенне Еўропай і ЗША эканамічных санкцый супраць Беларусі сапраўды прывядзе да большай залежнасці нашай краіны ад Расіі.

Але ці сапраўды пагроза санкцый заганяе Беларусь у лапы Расеі?

Як паказалі падзеі апошніх двух гадоў, беларускія ўлады нашмат больш баяцца ўласнага народу, , чым любога палітычнага і эканамічнага ціску звонку. На фоне глыбокага сістэмнага эканамічнага крызісу і стабільнага падзення рэйтынгу падтрымкі сярод беларускіх грамадзян рэжым свядома ўзяў курс на стварэнне сістэмы ўлады па тыпе Прыднястроўя (поўная лаяльнасць расейскаму патрону ў абмен на палітычны «дах» і ярлык на праўленне на дадзенай тэрыторыі).

Відавочна, што толькі беларускія ўлады вінаватыя ў збядненні беларускага народа, эканамічным крызісе і разрыве нармальных адносін з усім цывілізаваным светам.

Сёння практычна адзіным патрабаваннем ЕС да беларускіх уладаў застаецца вызваленне і рэабілітацыя ЎСІХ палітычных зняволеных. Гэта стала адзіным патрабаваннем для аднаўлення кантактаў. І беларускія ўлады павінны неадкладна гэта выканаць.


Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ, чым увесь народ загінуў?

У сітуацыі, калі рэжым паказвае сваю «цвёрдасць» і «прынцыповую» непадатлівасць, усё гучней выказваецца меркаванне аб тым, што ў імя захавання незалежнасці трэба ў чарговы раз выратаваць беларускі рэжым.

З 19 снежня пад следствам, за кратамі знаходзяцца палітычныя зняволеныя, кандыдаты ў Прэзідэнты, лідэры дэмакратычных сілаў Беларусі.

Мы становімся перад выбарам: ахвяраваць незалежнасцю або ахвяраваць свабодай, верагодна - здароўем і жыццём ўсяго некалькіх чалавек.

Але немагчыма, ахвяруючы хоць бы адным чалавекам, здабыць шчасце для ўсяго народу. Калісьці юдэі ўжо паспрабавалі гэта зрабіць. Нагадаю, іх выбар быў такі: "... лепш, каб адзін чалавек загінуў за народ ... бо прыйдуць акупанты-рымляне і захопяць нас ..." (Ян 11:46-53).

Усяго толькі Аднаго Чалавека выдалі на смерць. Мы ведаем, чым гэта скончылася - у выніку ні незалежнасці, ні народу не засталося ...

Я не параўноўваю тых, хто знаходзіцца сёння за кратамі, з Хрыстом. Я проста ведаю, што ніхто не мае права ахвяраваць іншым чалавекам, чужым жыццём, здароўем, свабодай, хай і ў імя вышэйшых мэт. У ахвяру кожны мае права прыносіць толькі сваю ўласную свабоду, дабрабыт, жыццё.

Навіны па тэме