БХД накіравала ў Вярхоўны суд скаргу на адмову ва ўзбуджэнні справы ў сувязі з нерэгістрацыяй партыі
Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” 18 красавіка накіравалі скаргу намесніку старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Андрэю Забару на адмову ВС у разглядзе скаргі на нерэгістрацыю Мінюстам Партыі БХД.
Нагадаем, што суддзя Вярхоўнага суду Беларусі Самалюк В.І. адмовіўся разглядаць скаргу аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў дачыненні да Міністэрства юстыцыі з нагоды нерэгістрацыі партыі. Падставай для адмовы ў разглядзе скаргі стала тое, што яе падпісаў толькі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
БХД не згаджаюцца з рашэннем суддзі па некалькіх прычынах:
1. Заканадаўствам прадугледжана патрабаванне, каб на прадстаўленне палітычнай партыі былі ўпаўнаважаны як мінімум тры асобы, але адсутнічае патрабаванне, каб гэтыя тры асобы ажыццяўлялі ўсе дзеянні, у тым ліку падачу скаргі ў Вярхоўны Суд на адмову ў рэгістрацыі партыі, разам.
2. Пры ўмове ж, калі нават усе тры ўпаўнаважаныя асобы павінны разам падаваць скаргі ў Вярхоўны суд, то падача скаргі адным Дзянісам Садоўскім не з’яўляецца падставай адмаўляць у прыняцці да разгляду скаргі БХД у Вярхоўным судзе. Яе трэба было пакінуць без руху да выпраўлення ўсіх недахопаў
У сувязі з вышэй пералічаным БХД просіць “прынесці пратэст на вызначэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2012 г. аб адмове ва ўзбуджэнні справы па скарзе на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ад 14 лютага 2012 г. з патрабаваннем адмяніць згаданае вызначэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і ўзбудзіць справу па скарзе”.