Сусветны банк пагадзіўся разгледзець прапанову БХД зрабіць грунтоўны аналіз перспектыў беларускай эканомікі (фота)
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук узяў удзел у семінары “Прыватызацыя і прыватнае прадпрымальніцтва” ў межах новай ініцыятывы ЕС для Беларусі “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі”, які прайшоў 16-17 красавіка ў Варшаве.
У семінары ўзялі ўдзел прадстаўнкі Сусветнага банку, Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, вядомыя палітыкі і эканамісты. “Ад імя БХД я прапанаваў зрабіць грунтоўны аналіз перспектыў беларускай эканомікі на бліжэйшыя дзесяць гадоў, каб мы больш дакладна ведалі, куды рухаецца наша эканоміка, якія галіны нам трэба развіваць, а якія не. Старшы эканаміст рэгіянальнага ўпраўлення Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банку Андрэа Далл’оліё пагадзіўся рзгледзець маю прапанову”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.
Паводле яго словаў, шэраг еўрапейскіх структураў ужо распрацоўваюць пілотныя праекты для мадэрнізацыі беларускай эканомікі, прымаюць рэкамендацыі па найлепшых шляхах яе мадэрнізацыі і правядзенні прыватызацыі ў краіне.
“У Беларусі вельмі складаная сітуацыя з прыватызацыяй. У нас яна адбываецца непразрыста, неэфетыўна і мае на мэце кароткатэрміновыя перспектывы: прадаць як мага даражэй. Насамрэч, прыватызцыя павінна праходзіць пад інвестараў, каб яны мелі больш жадання застацца на нашым рынку і ўкласці больш сродкаў у развіццё прадпрыемстваў, прыцягнуць больш інвестыцый”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
“Доля прыватнага сектару ў беларускай эканоміцы складае па розных ацэнках каля 30%. Але ўжо даўно падлічана, што для нармалёвага развіцця эканомікі, яна павінна складаць не менш за 70-75%. Грузія, Малдова і іншыя постсавецкія краіны ўжо даўно пайшлі на гэта. Адны мы топчамся на месцы”, – лічыць Георгі Дзмітрук.