Міністр юстыцыі Польшчы: Польскаму правасуддзю павінна быць сорамна
Міністр юстыцыі Польшчы Яраслаў Говін наведаў Беласток. Ён сустрэўся са студэнтамі юрыдычнага факультэта Беластоцкага ўніверсітэта, падчас сустрэчы міністр закрануў тэму беларускага палітуцекача, былога сябра Маладога Фронту, а сёння Беларуская Хрысціянскай Дэмакратыі Андрэя Жукаўца.
Міністр Говін агучыў змены ў законе, якія павінныя аблегчыць працаўладкаванне. Размова ішла пра спіс з 370-ці прафесій, на якія патрэбныя ліцэнзіі і дадатковыя адукацыйныя курсы. Сярод такіх прафесій: таксіст, бібліятэкар, адвакат і судовы выканаўца.
На прэс-канферэнцыі Говін закрануў гучную справу беларускага палітуцекача Андрэя Жукаўца, справа якога разглядаецца ўжо амаль дванаццаць год. Беларуская пракуратура абвінаваціла яго ў вымантачванні банкаўскіх крэдытаў. Справу Жукаўца ўсё яшчэ разглядае польскі суд. За гэта польскаму правасуддзю павінна быць сорамна – сказаў міністр Яраслаў Говін:
– Міністэрства сочыць за гэтай справай і правярае вынікі, кожныя два тыдні мы атрымоўваем рапарты па гэтай справе. Маю надзею, што польская сістэма правасуддзя выканае сваю функцыю. Але ўсё ж такі вельмі сорамна, што дванаццаць год польскі суд не ў стане вынесці вырак па гэтай справе. Маё міністэрства адсочвае праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Але магу запэўніць, што пракуратура ці суддзі, больш не зробяць нічога, што можна было б назваць падтрымкай рэжыму Лукашэнкі.
Андрэй Жукавец з 1999 года знаходзіцца ў Польшчы. Лукашэнкаўскія ўлады пераследуюць бізнесоўца за яго апазіцыйную дзейнасць. Афіцыйна Андрэя Жукаўца вінавацяць у вымантачванні 700 тысяч даляраў банкаўскіх крэдытаў.