Сёння Чарнобыльскі шлях
Сёння, 26 красавіка, у 26-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі ў Менску пройдзе Чарнобыльскі шлях. Альтэрнатыўныя ўладным акцыі ў іншых гарадах Беларусі былі забароненыя.
Шэсце пройдзе з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца гадзінны жалобны мітынг.
Скончыць мерапрыемства плануецца ускладаннем кветак да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых», размешчанай побач з паркам.
Акцыя пройдзе пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС, вызвалення палітвязняў і г.д.
“Чарнобыльскі шлях” праводзіцца штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое сканчаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмсілаў. Выключэнне склаў 2011 год, калі ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.