Моладзь БХД правяла антыядзерную акцыю ў Берасці (фота)
У Брэсце моладзь Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі правяла акцыю “1986-201?”. Актывісты ў процівагазах раздавалі мінакам паштоўкі, на якіх былі намаляваныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
“З моманту чарнобыльскай трагедыі мінула ўжо 26 гадоў, але боль па-ранейшаму жыве ў нашых сэрцах. Радыеактыўны попел прайшоў па ўсёй Еўропе і накрыў шматпакутную Беларусь. Наступствы аварыі па ліку ахвяр адсунулі далёка назад атамную бамбардзіроўку Хірасімы. Чарнобыль не можа знікнуць – яго можна забыцца, але ён і праз 100 гадоў будзе нагадваць пра сябе народу – ядзерным запаведнікам і землямі, непрыдатнымі да жыцця; радыеактыўнымі дажджамі і хваробамі. Моладзь БХД правяла акцыю менавіта, каб паказаць людзям, які жах можа прыйсці ў Беларусь”, – распавядае актывіст Яўген.
Актывісты раздалі 200 паштовак і развесілі па горадзе 10 таблічак з тэкстам “Не АЭС” і “1986-201?”.
Актывіст БХД Уладзіслаў пракаментаваў: “Калі мы ўспомнім гісторыю, будавалі чарнобыльскую АЭС ударнымі тэмпамі – амерыканцы і японцы будуюць такія аб’екты па 10-15 гадоў, савецкія ўдарнікі здалі праект за два гады. Астравецкая АЭС павінна быць пабудаваная да 2016 года, вас гэта не палохае? Мы не хочам, каб беларускія гарады станавіліся падобнымі да Прыпяці і Чарнобыля. Многія краіны цалкам адмаўляюцца ад ядзернай энергіі. Спадзяюся, людзі задумаюцца пра гэта”.