Чацьвёра актывістаў БХД і Маладога Фронту атрымалі ад 7 да 15 сутак (відэа)
27 красавіка суд Савецкага раёну Менску асудзіў чатырох актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Маладога Фронту на тэрмін ад 7 да 15 сутак. Выракі вынесьлі судзьдзі Дзьмітрый Паўлючэнка і Аксана Рэлява.
Мікола Дземідзенка, Раман Васільеў і Міхаіл Мускі асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яны прызнаныя вінаватымі ў дробным хуліганстве. У пратаколах ва ўсіх напісана, што яны лаяліся матам, размахвалі рукамі, парушалі грамадзкі парадак на вуліцы Сурганава, каля дома № 50.
Падчас працэсу над Дземідзенкам адвакат запатрабавала спыніць справу праз недаказанасьць віны. Сьведкі Марыя Квяцінская, Павал Сяргей, Вераніка Велігор і Наста Палажанка казалі, што Дземідзенку затрымалі на плятформе станцыі мэтро Маскоўская ў 21:45, а не на вуліцы Сурганава, 50, як сьведчыць міліцэйскі пратакол. Мікола ня лаяўся, не парушаў парадак. Сьведкі расказалі, што гэтыя самыя шасьцёра амапаўцаў сачылі за імі, ехалі зь імі разам у тралейбусе, а потым больш за гадзіну каталіся ў мэтро, пакуль не атрымалі каманды затрымліваць. Самі міліцыянты на суд не прыйшлі, судзьдзя зачытаў іх рапарт. Тым ня менш, судзьдзя палічыў віну даказанай.
Міхась Мускі заявіў у судзе, што ў яго ўзьняўся ціск, балела галава, што яго моцна пабілі міліцыянты пасьля затрыманьня. Ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу. А Рамана Васільева хуткая дапамога павезла ў 9-ты менскі шпіталь.
Падчас працэсу ля будынку суду затрыманыя былі Уладзімер Яроменак і Зьміцер Крамянецкі, якія хацелі трапіць на суд. На іх склалі пратакол. Пазьней Яроменка асудзілі нібыта за «дробнае хуліганства» на сем сутак.
Прысутны на судзе адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі назваў затрыманьні беспадстаўнымі, адзначыўшы, што надуманасьць абвінавачваньняў была відавочная ўсім, у тым ліку і судзьдзям. “Зьбіваюць злобу на маладафронтаўцах”, – сказаў ён.
Агулам 26 красавіка пасьля завяршэньня мітынгу Чарнобыльскі шлях на Плошчы Бангалор міліцыя затрымала каля 40 ягоных удзельнікаў.