Аборт – гэта забойства. Доктар адмовілася рабіць аборты пасля размовы са святаром
Аборт сёння – з’ява вельмі распаўсюджаная. Чаму так адбываецца і ці ёсць выпадкі абортаў сярод непаўналетніх, я вырашыла даведацца ў спецыяліста. На мае пытанні адказала доктар-гінеколаг Чысцінскай паліклінікі Вольга Чухінская.
– Вольга Васільеўна, што вы можаце сказаць пра сучасную моладзь? Ці былі выпадкі, каб дзяўчаты рабілі аборты?
– Праблема ў тым, што моладзь пачынае рана жыць палавым жыццём. Мяркую, што гэта ўсё з-за той інфармацыі, якая прыходзіць да нас з Захаду. Нейкая ўсёдазволенасць. Наша моладзь лічыць: калі гэта недзе там можна, значыць, можна і ў нас. За маю 19-гадовую практыку ў Чысцінскай бальніцы выпадкаў абортаў у падлеткаў не было.
Магчыма, былі нейкія схаваныя аборты, бо маці цяжарнай дзяўчыны можа звярнуцца і ў іншыя медыцынскія ўстановы, якія аказваюць платныя паслугі. А мы ніколі падлетка не адпраўлялі на аборт. Былі цяжарныя дзяўчаты, але яны нарадзілі. Самы юны ўзрост парадзіхі – 13 з паловай гадоў. У той дзяўчыны быў хлопец, гадоў шаснаццаці. Яны сустракаліся, і яна нармальна нарадзіла. Апякунства над дзіцем аформіла маці дзяўчыны.
– Ці цяжка адгаворваць ад аборту?
– Падлеткаў можна хутчэй угаварыць нарадзіць, чым дарослых жанчын. Мне падаецца, што цяперашняя моладзь неяк больш падрыхтаваная, таму што больш валодае інфармацыяй. Яна ведае, што такое аборт, якія могуць быць наступствы і чаму гэта дрэнна. Падлеткі больш задумваюцца і больш схіляюцца да таго, каб нарадзіць.
– Ці шмат такіх выпадкаў, калі дзяўчаты 13-18 гадоў зацяжарвалі?
– Не, не шмат. Гадоў 10 ці 15 назад у нас на ўліку не было ніводнай цяжарнай дзяўчыны. Потым адна зацяжарыла ў 16 гадоў, і пасля ў год у нас было па адной-дзве цяжарныя дзяўчыны, але ўсе яны нарадзілі. Апошнім часам колькасць цяжарных непаўналетніх павялічваецца – за год недзе тры-чатыры дзяўчыны. Але яны сталі на ўлік і нарадзілі. І ўсе цяпер са здаровымі дзеткамі.
– Як вы асабіста ставіцеся да абортаў?
– Мае адносіны да абортаў крайне негатыўная, і гэта яшчэ мякка кажучы. Тэма вельмі складаная. Калі я пачынала працаваць акушэрам-гінеколагам, не ведала, што доктар, які робіць аборты, таксама нясе маральную адказнасць за дзіця, што не нарадзілася. У нас не было такой інфармацыі. У інстытуце пра гэта нам не гаварылі.
Але калі я пераехала ў Чысць працаваць, давялося размаўляць са святаром. І ён адназначна сказаў мне, што аборт – гэта забойства. Нават калі доктар ці медсястра прымаюць удзел у такой аперацыі, яны нясуць адказнасць за смерць дзіцяці. Я гады два ці тры рабіла тут аборты жанчынам з малым тэрмінам. А пасля гутаркі са святаром афіцыйна адмовілася.
– І цяпер аборты ў вашай паліклініцы не робяцца?
– І аборты не робяцца, і падлеткаў мы на іх тым больш не накіроўваем. Для кожнай жанчыны, якая збіраецца спыніць цяжарнасць, у нас ёсць загад Міністэрства аховы здароўя аб тым, што мы павінны правесці з ёй лекцыю-размову і папярэдзіць пра магчымыя наступствы.
Аборт – адзіная аперацыя, якая робіцца ўсляпую, і могуць быць розныя ускладненні аж да калецтва ці лятальнага зыходу. Жанчына павінна падпісацца пад тым, што юрыдычную адказнасць нясе яна. І нават калі з яе здароўем ці жыццём нешта здарыцца, доктар не нясе ніякай адказнасці. На жаль, жанчыны большасцю спакойна ставяць свой подпіс і ідуць на аборт.
– Што прымушае іх так рабіць?
– Прычыны могуць розныя. Напрыклад, жанчына не замужам. Ці цяжарная трэцім дзіцем, а з мужам трэцяга не планавалі. Здараецца, муж катэгарычна ставіць пытанне: ці аборт, ці развод. Альбо бацькі жанчыны супраць таго, каб яна нараджала. Але нельга не адзначыць, што ёсць мужчыны, дзякуючы якім жанчыны адмаўляюцца ад аборту.
Вось, дарэчы, гісторыя пра падлеткаў. Дзяўчыне было 17 гадоў. Вучылася ў ВНУ. Не замужам, сустракалася з хлопцам. Зацяжарала. Маці студэнткі настойвала на аборце. Маўляў, вучыцца трэба. А хлопец сказаў, што, калі яна зробіць аборт, ён больш не будзе з ёй сустракацца. І яна кінула вучобу, нарадзіла хлопчыка, яны распісаліся.
Пасля нарадзіла другога хлопчыка. І, урэшце, яшчэ і дзяўчынку. Муж толькі вітаў гэта. Шчаслівай маці дзесьці 22 гады цяпер. Вось гэта, я лічу, сапраўднае каханне.
– Ці ёсць абставіны, якія могуць апраўдаць аборт?
– Апраўдаць аборт нельга. Хіба толькі па медыцынскіх паказчыках, калі стаіць пытанне аб здароўі ці жыцці самой жанчыны.
– Што вы параілі б моладзі, якая ўступае ў жыццё?
– Быць цнатлівымі і чыстымі. І спачатку выйсці замуж, а ўжо пасля нараджаць дзяцей.
Дар’я Міхайлоўская, моладзевая рэдакцыя”РГ”.