Маладафронтаўцаў аштрафавалі за Леніна

10 мая 2012 16:52  |  Галоўныя навіны

Маскоўскі суд Менску задаволіў пазоў чальцоў Камуністычнай партыі Беларусі Мікалая Юшчанкі і Мікалая Валовіча супраць актывістаў Маладога фронту Міхася Мускага, Рамана Васільева і Паўла Сяргея.

 

“Уся справа выклікае толькі сумную ўсмешку ў сувязі з яе бязглуздасцю і беспатстаўнасцю абвінавачання”, – адзначыў прэсавай службе БХД адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.

 

Камуністы Мікалай Юшчанка і Мікалай Валовіч патрабавалі 2 мільёны матэрыяльнай кампэнсацыі за адзеньне, нібыта запэцканае разьбітымі 7 лістапада аб помнік яйкамі, а таксама па 2,5 мільёна рублёў за маральныя пакуты. Суд задаволіў пазоў часткова і спагнаў з маладафронтаўцаў 1 мільён 897 тысяч рублёў.

Штраф мусяць сплаціць маладафронтаўцы Міхась МускіРаман Васільеў і Павал Сяргей. Міхася Мускага і Рамана Васільева даставілі ў суд з турмы на Акрэсьціна, дзе яны адбываюць 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху 26 красавіка. Паўла Сяргея ў судзе не было з тае прычыны, што на гэты ж час яму быў прызначаны суд у Фрунзенскім раёне Менску, таксама за ўдзел у Чарнобыльскім шляху, і адначасна ён быў выкліканы ў ваенкамат у Маладэчне. Прысуд маладафронтаўцам камэнтуе маці Міхася Мускага Ірына:

«Я лічу, што гэта звычайнае вымагальніцтва. Ну, няхай пажывуць за чужы кошт. І судзьдзя паглядзеў не на гэта, а на тое, што гэтыя маладыя людзі — сябры „Маладога фронту“. А ў нас гэтага нельга. Каб яны былі БРСМаўцамі ці камуністамі, то ўсё было б добра, праўда была б на іх баку. А паколькі яны маладафронтаўцы, то і засталіся вінаватымі».

Актывісты «Маладога фронту», якія прыйшлі падтрымаць сваіх паплечнікаў у судзе, заяўляюць, што абураныя вынікам. Прысуд, вынесены судзьдзём Юрыем Шастаковым, камэнтуе Кася Галіцкая:

«Судзьдзя сваім рашэньнем прадэманстраваў тое, што беларуская аўтарытарная сыстэма спачувае камуністычнай савецкай сыстэме. І гэта адразу было бачна па настроях судзьдзі. Але для нас галоўнае — паказаць барацьбу ідэалёгій, а не барацьбу за чысьціню паліто».

Паводле Касі Галіцкай, прысуд Маскоўскага раённага суду маладафронтаўцы будуць абскарджваць у гарадзкім судзе Менску.

Болей навін