Актывіст БХД адседзеў 10 сутак за налепкі “Не – смяротнаму пакаранню”

11.05.2012, 10:17  |  Навіны » Палітыка

24 красавіка сябар БХД Ігар Шалай быў затрыманы каля будынку міністэрства ўнутраных спраў у Менску за тое, што ляпіў налепкі “Не – смяротнаму пакаранню”. 2 супрацоўнікі міліцыі адвезлі яго ў Савецкі РАУС Менска.

 

На Ігара Шалая склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ (“Дробнае хуліганства”). Ноч да суду ён правёў у аддзяленні міліцыі Савецкага раёну Менска.

 

25 красавіка адміністратыўную справу разглядаў суд Савецкага раёну Менска. На судзе сведкамі былі заяўленыя міліцыянты Барысеўскі і Анапенка. Адзін з іх на паседжанне не з’явіўся нібыта з-за хваробы. Супрацоўнік міліцыі, які даваў паказанні па справе ў судзе, заявіў, што пасля затрымання Ігар Шалай стаў паводзіць сябе агрэсіўна, лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў.

 

Ігар Шалай у судзе заявіў, што лічыць сябе вернікам, а таму ніколі не брыдкасловіць. Тым не меньш, суд Савецкага раёну Менска асудзіў яго да 10 сутак арышту. Адміністратыўны арышт Ігар Шалай адбываў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Крыніца: Вясна

Навіны па тэме