За свабоду грамадскіх аб’яднанняў! За свабоду веравызнання!
Мы, грамадзяне Беларусі, усе тыя, хто неабыякавы да пытанняў свабоды грамадскіх аб’яднанняў і свабоды веравызнання, выступаем за адмену артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць рэлігійнай арганізацыі, грамадскага аб’яднання альбо фонду, якія не маюць рэгістрацыі — да 2-х гадоў турмы.
З 2006 г. за дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі да крымінальнай адказнасці па арт. 193.1 КК РБ было прыцягнута не менш за 18 чалавек. Тэндэнцыяй апошняга часу з’яўляецца тое, што папярэджанні аб недапушчальнасці дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі выносяцца прадстаўнікам рэлігійных супольнасцяў.
Сёння ў Беларусі існуюць сотні хрысціянскіх абшчын, служэнняў і рэабілітацыйных цэнтраў, якія па розных прычынах не маюць рэгістрацыі, і гэтым самым падпадаюць пад карную норму арт. 193.1. Шматлікія грамадскія, у тым ліку праваабарончыя, і палітычныя арганізацыі неаднаразова беспаспяхова рабілі спробы зарэгістравацца. Па надуманых прычынах ім было адмоўлена ў рэгістрацыі. У той жа час права на свабоду аб’яднанняў мае на ўвазе права свабодна, на добраахвотнай аснове ствараць аб’яднанні.
У сувязі з гэтым мы патрабуем выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1, адмяніць забарону на дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў ва ўсіх заканадаўчых актах Беларусі. Мы заклікаем да захавання гарантаваных правоў на свабоднае распаўсюджванне веры, перакананняў, а таксама на свабоду аб’яднанняў у Беларусі.