Гарадзенская арганізацыя БХД распачне кампанію «За малы памежны рух»

16 мая 2012 10:34  |  Галоўныя навіны

15 траўня на чарговым паседжанні сябраў Гарадзенскай гарадской арганізацыі БХД было прынята рашэнне распачаць кампанію ў падтрымку рэалізацыі Дамовы аб малым памежным руху з Польшчай. Актывісты БХД плануць правесці шэраг мерапрыемстваў ў падтрымку рэалізацыі МПР беларускім урадам ужо ў траўні.

 

Мэтай кампаніі «За малы памежны рух з Польшчай» з’яўляецца аказанне ціску на беларускія ўлады з мэтай паскарэння ўвядзення беларускім бокам механізму малога прымежнага руху з Польшчай. Актывісты плануюць прыцягнуць увагу грамадства і мясцовых органаў улады да праблемы зацягвання рэалізацыі МПР з Польшчай з боку беларускага ўраду. У рамках ініцыятывы будзе распаўсюджана інфармацыя аб перавагах і асаблівасцях механізму малога прымежнага руху. Актывісты спадзяюцца да шырокага далучэння да гэтай ініцыятывы жыхароў прымежных з Польшчай тэрыторый, а таксама сябраў іншых грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

 

У рамках кампаніі актывісты БХД запланавалі правядзенне шэрагу пікетаў і прэс-канферэнцый для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы, распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў у прымежных рэгіёнах, арганізацыю сустрэч з грамадзянамі і шырокае выкарыстанне інтэрнету і сацыяльных сетак. 

 

Мікалай Баўсюк, кіраўнік абласной арганізацыі БХД: «Згодна з афіцыйнымі крыніцамі Беларусь планавала запуск дамовы ў другой палове 2011 года, аднак прайшло ўжо болей за паўтары гады з часу прыняцця закона, а беларускі ўрад да гэтага часу не прыступіў да рэалізацыі Дамовы аб МПР з Рэспублікай Польшчай. Беларускія ўлады неаднаразова падкрэслівалі палітычны характар зацягвання пытання аб увядзенні ў дзеянне дамовы аб МПР, звязаны з складанымі польска-беларускімі міждзяржаўнымі адносінамі. Аднак ад гэтага не павінны цярпець простыя людзі, таму мы вырашылі прыкласці свае намаганні ў падтрымку рэалізацыі гэтай дамовы». 

Болей навін