Улады распачалі чарговую кампанію па дыскрэдытацыі БХД
Прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў распачалі чарговую кампанію па дыскрэдытацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. На гэты раз яны тычыцца каардынатара аргкамітэту па Берасцейскай вобласці Змітра Шурхая.
Так, на форуме TUT.by з’явіўся артыкул, аўтар якога сцвярджае, што Зміцер Шурхай займаўся незаконным продажам налепак з выявай бел-чырвона-белага сцягу, за што быў пакараны судом штрафам у памеры дзвюх базавых велічынь. Аўтарам дадзенага посту з’яўляецца чалавек пад нікам Alex Brestskiy (http://vk.com/iduzik_z ), на старонцы якога ў сацыяльнай сетцы Вконтакте толькі два запісы і толькі два сябры, што з’ўяляеца чарговым аргументам на карысць таго, што артыкул быў напісаны супрацоўнікамі КДБ ці па іх заказе.
Як паведаміў прэсавай службе БХД сам Зміцер Шурхай, ён набыў за свае грошы партыю налепак для сяброў, але некаторыя з іх адмовіліся пасля ад пакупкі. У выніку, каб вярнуць патрачаныя грошы, ён даў аб’яву Вконтакте. Падчас кантрольнай закупкі КДБ яго затрымалі, а пасля аштрафавалі. Паводле словаў актывіста, ён быў вымушаны пагадзіцца з літарай закону, а не з яго духам. Пры гэтым сам прысуд ён збіраецца абскарджваць.
“Гэтая відавочная правакацыя супраць БХД і яе рэгіянальнага лідара. Прычым правакацыя няўдалая. Дзіўна, што яны збіраліся дыскрэдытаваць Змітра тым, што ён распаўсюджваў нацыянальную сімволіку”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што раней спецслужбы спрабавалі звінаваціць сустаршыню БХД Георгія Дзмітрука ў нібыта сувязях з прастытуткамі. А нехта ІП Мікалай Селівончык рассылаў ад імя БХД са скрыні [email protected] спам шавіністычнага зместу, які скіраваны на распальванне міжнацыянальнай варажнечы як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі, у тым ліку супраць Беларусі.