Распачаўся онлайн-збор подпісаў за малы памежны рух з Польшчай
Сябры гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распачалі онлайн-збор подпісаў пад зваротам да кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея з просьбай паскорыць рэалізацыю Дамовы аб малым памежным руху (МПР) з Польшча.
Аўтары зварота “глыбока занепакоены зацягваннем беларускім урадам рэалізацыі Дамовы аб малым прымежным руху з Рэспублікай Польшчай”. Паводле іх словаў, “дамова закранае інтарэсы болей за мільён беларускіх грамадзян, якія пражываюць на прымежнай беларуска-польскай тэрыторыі”.
“У выніку адкрыцця МПР з Польшчай актывізуецца эканамічная супраца паміж беларускімі і польскімі рэгіёнамі, ажывяцца кантакты мясцовых уладаў, стануць цясьнейшымі сямейныя сувязі грамадзянаў абодвух дзяржаў. МПР спрыяльна скажацца на павелічэнні даходаў прымежных рэгіёнаў, напаўняльнасці прыбытковай часткі мясцовых бюджэтаў, развіццю турызма, мадэрнізацыі і выкарыстанні беларускай інфраструктуры”, – гаворыцца ў дакуменце.
Яго аўтары заклікаюць улады Беларусі “паспрыяць паскарэнню рэалізацыі Дамовы аб малым памежным руху з Рэспублікай Польшча, у тым ліку перадачы польскаму ўраду ноты аб гатоўнасці беларускага боку да ўвядзення ў дзеянне Дамовы аб МПР”.
Польскі бок выступіў з прапановай пагаднення аб мясцовым прымежным руху з Беларуссю ў лютым 2008 года. 12 лютага 2010 года дамову аб гэтым падпісалі міністры замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча. Абедзве палаты Сейму Рэспублікі Польшча ратыфікавалі беларуска-польскую дамову аб МПР 20 мая 2010 года. 22 чэрвеня 2010 пад дамовай паставілі свае подпісы спікер польскага Сейма і выконваючы абавязкі прэзідэнта Браніслаў Камароўскі.
Палата Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь ратыфікавала міжурадавую дамову з Рэспублікай Польшча 11 лістапада 2010 года, а 17 лістапада 2010 года яго зацвердзіў Савет Рэспублікі. Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон РБ № 201-3 “Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Урадам Рэспублікі Беларусі і ўрадам Рэспублікі Польшча аб правілах прымежнага руху” 1 снежня 2010 года.
Згодна з афіцыйнымі крыніцамі Беларусь планавала запуск дамовы ў другой палове 2011 года, аднак прайшло ўжо болей за паўтара гады з часу прыняцця закона, а беларускі ўрад да гэтага часу не прыступіў да рэалізацыі Дамовы аб МПР з Рэспублікай Польшчай. Пры гэтым ужо з 1 лютага 2012 года ўступіла ў сілу дамова аб МПР паміж Беларуссю і Латвіяй, а ў хуткім часе плануецца рэалізацыя падобнай дамовы з Літвой, нягледзячы на больш познія тэрміны пачатку перамоваў з гэтымі краінамі па ўвядзенню механізма МПР.
Свой подпіса пад зваротам “За малы памежны рух” можна паставіць тут.