Праваслаўныя сёння святкуюць Узнясенне Гасподняе

24 мая 2012 11:13  |  Грамадства

У свята Узнясення Праваслаўная царква ўспамінае евангельскія падзеі, звязаныя з апошнім момантам знаходжання Хрыста на зямлі, аб Яго светлым Уваскрасенні.

 

У Евангеллі гэтыя падзеі апісваюцца так: набліжалася свята яўрэйскай Пяцідзясятніцы, і вучні Хрыста вярнуліся з Галілеі ў Іерусалім. У саракавы дзень Хрыстос з’явіўся апосталам у Іерусаліме і вывеў іх з горада на гару Елеёнскую, дзе паведаміў ім аб пасланні Святога Духа, затым благаславіў апосталаў і ўзнёсся на неба.

 

Калі светлае воблака схавала Госпада ад вучняў, ім з’явіліся два анёлы, сказаўшы, што Гасподзь зноў прыйдзе на зямлю гэтак жа, як бачылі Яго ўзыходзячым на неба. Апосталы пакланіліся ўзнёсшамуся Госпаду і вярнуліся ў Іерусалім.

 

Здавалася б, Узнясенне — свята разлукі Хрыста з вучнямі. Гасподзь і Настаўнік пакідае зямлю і ўзносіцца на неба, але ў той жа час вучні, якія яго праводзілі, вяртаюцца ў Іерусалім, як апавядае святы апостал і евангеліст Лука, «з вялікай радасцю».

 

У святочных праваслаўных песнапеннях Царква нагадвае сваім дзецям, што, узнёсшыся на неба, Хрыстос Збаўца не пакінуў зямлю сваёй прысутнасцю. Сваім узнясеннем Ён выканаў Боскую волю і тых, хто на зямлі, аб’яднаў з тымі, хто на небе. Гэта свята — праяўленне надзеі на тое, што адгэтуль усім людзям, якія вераць у Хрыста, адкрыты шлях на неба, куды Хрыстос первым узнёс збаўленую і адноўленую чалавечую прыроду.

Болей навін