Бабруйская міліцыя спыніла справу аб знявазе Таісіі Кабанчук

25 мая 2012 11:51  |  Палітыка

14 траўня бабруйская міліцыя спыніла адміністратыўную справу аб знявазе магілёўскай абласной каардынатаркі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Таісіі Кабанчук. Пра гэта ёй паведамілі ў лісце за подпісам начальніка аддзялення міліцыі № 2 Бабруйска палкоўніка Сяргеева.

 

У лісце паведамляецца, што справа спынена ў сувязі з тым, што не ўдалося усталяваць асобу, якая зняважыла актывістку БХД. Пры гэтым у міліцыі адзначылі, што пры высвятленні гэтай асобы, яна будзе прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці.

 

“Гэтая звычайная адпіска. Ніякіх пошукавых мерапрыемстваў ніхто не праводзіў. Яны ўжо “шукалі” вінаватых і ў мінулым годзе, калі мой пад’езд і дом майго сына размалявалі абразамі і пагрозамі. Гэтак жа і зараз “шукаюць”, – адзначыла Таісія Кабанчук.

 

Нагадаем, што 19 красавіка на дзверах і вокнах крамы, у якой працуе Таісія Кабанчук, з’явіліся улёткі з яе фота, і абразлівым тэкстам пра яе. Улёткі былі прымацаваныя налепкамі БХД. Пазней улёткі з’явіліся ўжо і на доме, у якім пражывае Таісія Кабанчук.

Болей навін