БХД ініцуюе змяненне савецкіх назваў вуліц, на якіх знаходзяцца касцёлы

25 мая 2012 15:43  |  Палітыка

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) праводзіць кампанію ў розных гарадах Беларусі па змяненні савецкіх назваў вуліц, на якіх знаходзяцца касцёлы. Аб гэтым паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі 25 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.


“У многіх гарадах цэнтральныя вуліцы, на якіх знаходзяцца касцёлы, маюць назвы Савецкая, Леніна і гэтак далей. Мы паспрабуем звярнуць увагу ўладаў на тое, каб гэтым вуліцам былі вернуты гістарычныя назвы або ім далі назвы, непасрэдна звязаныя з беларускай гісторыяй”, — сказаў ён.

 

Садоўскі паведаміў, што кампаніі ўжо пачаліся ці будуць пачаты больш чым у 10 гарадах Беларусі. Напрыклад, у Мінску, Ашмянах, Слоніме ўладам будзе прапанавана перайменаваць вуліцы ў гонар грамадска-палітычных і рэлігійных дзеячаў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

 

“Канешне, ведаючы нашы ўлады, мы ўсведамляем, што дабіцца вялікага поспеху ў пытанні перайменавання вуліц будзе складана. Але мы спадзяемся, што хаця б у некаторых гарадах дасягнем поспеху”, — сказаў Садоўскі.

 

Паводле яго слоў, БХД “будзе працаваць і з вернікамі, каб яны дапамагалі ўплываць на ўлады ў пытанні перайменавання вуліц”.

Болей навін