БХД распачынае Год памяці (Фота)

25 мая 2012 17:04  |  Палітыка

95 гадоў таму, 25 траўня 1917 году ў менскім Катэдральным касьцёле адбыўся сход каталіцкіх сьвятароў, які паклаў пачатак Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, паведаміла на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі адна зь лідэраў цяперашняй БХД Валерыя Чарнаморцава:

«У гістарычнай памяці беларусаў склалася такое, што адраджэнцамі былі ў асноўным сацыялісты і камуністы. І амаль што забыты такі альтэрнатыўны шлях беларускага адраджэньня, як хрысьціянская дэмакратыя».

Сярод айцоў-заснавальнікаў і ідэолягаў БХД былі такія вядомыя хрысьціянскія дзеячы, як Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, якога фашысты расстралялі на каталіцкі Вялікдзень у 1942 годзе. Адам Станкевіч загінуў ад рук бальшавікоў у ГУЛАГу. На ўшанаваньне іх памяці, а таксама ўсіх дзеячоў хрысьціянскага адраджэньня, актывісты БХД распачынаюць Год памяці, які будзе праходзіць у выглядзе вандровак і экскурсій, мастацкіх выставаў, навуковых канфэрэнцыяў.

Актывісты БХД спадзяюцца, што да акцыі ўшанаваньня памяці хрысьціянскіх дэмакратаў-адраджэнцаў далучацца палітычныя партыі і рухі, шырокая грамадзкасьць, а таксама каталіцкі касьцёл. Гаворыць Валерыя Чарнаморцава:

«Гэта ня справа партыі – мы ініцыюем гэтую кампанію і хацелі, каб да яе далучылася грамадзкасьць, і найперш Каталіцкі Касьцёл. Бо ўсё ж заснавальнікамі БХД былі найперш каталіцкія ксяндзы. І мы вельмі парадаваліся, што быў усталяваны крыж і адбылася малітва на месцы гібелі Адама Станкевіча ў Тайшэце. Спадзяёмся, што менавіта Касьцёл зоймецца такой справай, як арганізацыя навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай ксяндзам-заснавальнікам БХД».

Сёньня лідэры БХД перадалі адмысловы зварот кіраўніцтву Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, а таксама ўсклалі кветкі да крыжа ў катэдральным касьцёле ў гонар 95-й гадавіны БХД і ў памяць яе заснавальнікаў (на здымку).

 

БХД распачынае Год памяці (Фота)
БХД распачынае Год памяці (Фота)
БХД распачынае Год памяці (Фота)
БХД распачынае Год памяці (Фота)
БХД распачынае Год памяці (Фота)

Болей навін