У Асіповічах памяць заснавальнікаў БХД ушанавалі кветкамі (фота)
У Асіповічах мясцовыя актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі таксама далучыліся да ўшанавання памяці айцоў-заснавальнікаў БХД. Пра гэта прэсавай службе распавёў сябар БХД, дэпутат Асіповіцкага райсавету Аляксей Цюлькоў.
Актывісты на знак памяці ўсклалі кветкі ля мясцовага касцёла Божай Міласэрнасці, а таксама памаліліся за супакой спачылых папярэднікаў.
Малітвы і акцыі ўшанавання памяці айцоў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і іншых ксянзоў-заснавальнікаў БХД гэтымі днямі праходзяць у многіх мясцінах Беларусі. У прыватнасці, яны ўжо адбыліся ў Мосары, Глыбокім, Гомелі, Горадні, Слоніме, Менску і Паставах, а таксама нездалёк ад сібірскага гораду Тайшэт (Расея), дзе загінулі святары Адам Станкевіч і Андрэй Цікота.