Віншуем вернікаў са святам Пяцідзесятніцы

28 мая 2012 10:58  |  Грамадства

Пяцідзясятніца — урачыстасць Спаслання Духа Святога, якая адзначаецца ў пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня (у нядзелю праз сем тыдняў). Назва свята паходзіць ад старажытнагабрэйскага свята Пяцідзясятніцы, якое святкавалі на ўспамін аб дараванні Богам закона на гары Сінай. Гэтае старазапаветнае свята з’яўляецца правобразам спаслання апосталам і ўсім хрысціянам Святога Духа.


Святкаванне дня Спаслання Духа Святога пачынаецца яшчэ ў апостальскія часы, але афіцыйна гэтае свята ўвайшло ў хрысціянскі каляндар у канцы IV ст., калі быў прыняты дагмат аб Найсвяцейшай Тройцы.

 

У хрысціян захавалася старазапаветная традыцыя ўпрыгожваць у гэты дзень святыні і дамы зялёнымі галінкамі бярозы, дуба і кветкамі, што сімвалізуе веру ў жыватворную сілу Духа. Акрамя таго, гэтая традыцыя таксама прыпамінае нам мамрыйскі дуб, дзе патрыярха Абрагама наведала Найсвяцейшай Тройца ў постаці трох падарожнікаў (Быц. 18, 1–16).

Свята Спаслання Святога Духа — падзея першаступеннай важнасці ў жыцці Касцёла, бо яна завяршае ўтварэнне Касцёла Хрыстовага і сцвярджае таямніцу святасці. У гэты дзень, калі Святы Дух сышоў на апосталаў у выглядзе вогненых языкоў, апосталы ўмацаваліся ў сваёй веры, атрымалі моц для сусветнага прапаведавання Евангелля. У гэтай незвычайнай падзеі раскрываецца сутнасць нашай веры ў «адзіны святы каталіцкі апостальскі Касцёл».

 

Касцёл адзіны на вобраз таго, што апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы былі адзінадушна разам у малітве. Святасць Касцёла вызначаецца тым, што пад натхненнем Святога Духа ён сведчыць пра Хрыста. Каталіцкі (што абазначае паўсюдны) Касцёл — таму што Евангелле прызначана для ўсіх народаў, менавіта з гэтай прычыны ад самага пачатку Святы Дух дае Касцёлу дар разумення іншых моў. Касцёл Апостальскі — таму што заснаваны на фундаменце апосталаў, ён верна захоўвае іх (апостальскае) навучанне, сродкамі непарыўнай пераемнасці біскупаў. Па сваёй прыродзе Касцёл місійны, а гэта значыць, што пры садзеянні Святога Духа накіраваны на распаўсюджванне Евангелля ва ўсім свеце, таму абавязкам кожнага хрысціяніна таксама з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны іншым людзям.

Болей навін