Па ўсёй Беларусі прайшлі акцы ўшанавання айцоў-заснавальнікаў БХД
24-26 траўня у многіх мясцінах Беларусі актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі правялі акцыі па ўшанаванні памяці айцоў-заснавальнікаў БХД ксяндзоў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і іншых.
Так, у вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну 24 траўня адбылася Святая Імша ў гонар ксяндзоў, удзельнікаў З’езду каталіцкага духавенства 1917 году ў Менску, які роўна 95 гадоў таму абвесціў пра стварэнне Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ), якая ў хуткім часе пачала называцца Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. У Паставах 26 траўня адбылася малiтва за супакой спачылых заснавальнікаў БХД.
Таксама акцыі ў гонар спачылых сваіх папярэднікаў актывісты БХД правялі у Асіповічах, Бабруйску, Глыбокім, Гомелі, Горадні, Менску, Слоніме і гэтак далей. Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ўскладалі кветкі і запальвалі лампадкі ля касцёлаў, распавядалі мінакам пра гісторыю БХД, ладзілі хвіліны цішыні ў памяць аб забітых лідарах БХД.
Апроч таго, нездалёк ад сыбірскага гораду Тайшэт (Расея), дзе загінулі Адам Станкевіч і Андрэй Цікота, мясцовымі актывістамі пры ўдзеле беларускага гісторыка Юрася Гарбінскага і айца-марыяніна Вячаслава Пялінка ўсталявалі і асвяцілі ў крыжы ў напамінах аб загіблых у ГУЛАГу беларускіх святарах.