У Мазыры асвяцілі храм на месцы пахавання ахвяраў сталінізму

29 мая 2012 09:24  |  Грамадства

«Ён з’яўляецца нямым сведчаннем пакутніцтва соцень і соцень ні ў чым не вінаватых жыхароў Палесся», — зазначаюць у Тураўскай епархіі.

 

У дзень памяці прападобнага Пахомія Вялікага, 28 мая, епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан асвяціў крыптавы храм Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора Мазыра ў гонар Сабора новапакутнікаў і спавядальнікаў беларускіх. Пасля чаго ўладыка Стэфан ажыццявіў Боскую літургію, паведаміў супрацоўнік інфармацыйнага аддзела Тураўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Лаўніковіч.

 

«Гісторыя кафедральнага сабора ў Мазыры, і асабліва крыпты — падземных памяшканняў, з’яўляецца нямым сведчаннем пакутніцтва соцень і соцень ні ў чым не вінаватых жыхароў Палескай вобласці БССР.

 

Сабор быў абласной турмой НКУС Палескай вобласці, а крыпта храма стала агульнай магілай для многіх вязняў турмы», — сказаў супрацоўнік епархіі.

 

У крыпце ўстаноўлены каваны іканастас і каменны прастол, зроблена капліца-пахавальня для астанкаў забітых і замучаных. Да столі крыпты падвешаны больш як сотня лампад у гонар бязвінна пацярпелых у гады рэпрэсій. Кожны панядзелак у крыптавым храме клірыкі Тураўскай епархіі па чарзе ажыццяўляюць Боскую літургію.

Болей навін