Замест лістоў Васьковічу перадаюць толькі капэрту

30 мая 2012 10:39  |  Палітыка

Сытуацыя зь лістамі ў палітвязьня Яўгена Васьковіча складаная — юнак атрымоўвае пошту толькі ад сваякоў.

 

Як заўважылі сябры Яўгена, астатнія лісты не прапускаюць. Добра, калі перададаць зьняволенаму капэрту з імём і адрасам адпраўніка — ён тады можа ведаць, хто да яго пісаў.

Зь ліста Яўгена Васьковіча да маладафронтаўкі Марыі Квіцінскай ад 12 траўня: »Мінулыя твае радкі, нажаль, не ўбачыў. Аддалі толькі капэрту. Нічога, усё адно буду табе пісаць. Нажаль, лісты атрымліваю толькі ад родзічаў. Пішу шмат каму, але не ведаю, ці даходзяць мае весткі».  Як заўважае Маша, адказы ад Яўгена прыходзяць вельмі рэдка — недзе раз у паўгады. Многія лісты яму, як бачна з адказаў, зусім не перадаюць — калі перадавалі прынамсі капэрту, ён бы адказваў.

 

Прыведзеная вышэй цытата зь вельмі кароткага ліста (на адну траціну старонкі сшытку). Яўген Васьковіч піша, што здароўе яго не непакоіць, настрой добры. Распавядае, што прачытаў нядаўна кнігу Канстанціна Тарасава «Адзіны сьведка Бог». «Гэта ўсе навіны, што могуць быць у мяне,» — піша Яўген Васьковіч.

 

Адказы яго вельмі кароткія, нейтральныя — па ўсім бачна, Яўген стараеца пісаць так, каб турэмная цэнзура прапусьціла лісты ад яго.

 

Сёньня вярнуўся ліст з пропаведзямі, якія сябры дасылалі Яўгену Васьковічу. Гэта ўжо далёка ня першы выпадак, калі лісты да палітвязьня адміністрацыя калёніі не прапускае й вяртае з пазнакаю «не положеное вложение», »не положено» і т.п.

 

Маладафронтаўцы лічаць, такую інфармацыйную блакаду ў дачыненьні Яўгена Васьковіча катаваньнямі.

 

Яўген Васьковіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме, па адрасе 212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма № 4 

 

Юнак узяты пад варту з 17 студзеня 2011 г., асуджаны па артыкулу «злоснае хуліганства» да 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за спробу падпалу дзьвярэй будынку КДБ у Бабруйску. Заклікаем падтрымліваць Яўгена Васьковіча лістамі — можа быць, тады сытуацыя зьменіцца. Зрэшты, нават калі Яўгену перададуць ад вас толькі капэрту, ён адкажа й будзе ведаць пра вашу падтрымку. А гэта ва ўмовах турмы вельмі важна.

Болей навін