Рымашэўскі: “Малады фронт” знішчаюць з-за пратэстнага патэнцыялу і патэнцыялу падтрымкі сярод моладзі (відэа)

30 мая 2012 20:12  |  Галоўныя навіны

Грамадскую арганізацыю “Малады фронт” знішчаюць з-за пратэстнага патэнцыялу і патэнцыялу падтрымкі сярод моладзі, заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 30 мая на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

На мерапрыемстве абмяркоўвалася сітуацыя з адміністрацыйнымі арыштамі маладзёжных актывістаў Міхаіла Мускага, Дзмітрыя Крамянецкага, Уладзіміра Яроменка, Рамана Васільева і Мікалая Дземідзенкі. “Тое, што зараз адбываецца з “Маладым фронтам”, яшчэ раз пацвярджае, што пасля 19 снежня 2010 года беларускія ўлады ўзялі курс на знішчэнне ўсіх незалежных грамадскіх і палітычных сілаў. Калі мы не выпрацуем механізмаў супрацьдзеяння гэтаму, яны могуць паспяхова дасягнуць сваёй мэты. “Малады фронт” знішчаюць з-за пратэстнага патэнцыялу, з-за патэнцыялу падтрымкі, якую “Малады фронт” можа атрымаць сярод моладзі”, — сказаў Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што палітычным і праваабарончым арганізацыям трэба рэагаваць на дзеянні ўлад “кваліфікавана, у тым ліку на міжнародным узроўні”.

“Тое, што адбываецца цяпер з актывістамі “Маладога фронту”, перад выбарамі можа адбыцца і з актывістамі іншых арганізацый”, — падкрэсліў Рымашэўскі.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў падрыхтаваць дакумент, у якім згадваліся б частыя арышты дэмакратычных актывістаў і які можна было б прапанаваць для абмеркавання на летняй сесіі ПА АБСЕ. “Мы маглі б паспрабаваць пралабіраваць разгляд такога дакумента на сесіі або на пасяджэнні камітэта ПА АБСЕ. У такім выпадку тэма незаконных арыштаў у Беларусі стала б вельмі гучнай”, — сказаў ён.

Лябедзька назваў дзеянні беларускіх ўладаў “стаўкай на “эскадрон страху”, які выпушчаны і будзе працаваць супраць актыўных структур, арганізацый, людзей”. “Прэса пра гэта будзе пісаць і ствараць атмасферу страху ў грамадстве”, — падкрэсліў лідар АГП.

 

Актывістка “МФ” Кацярына Галіцкая адзначыла, што ў дачыненні да маладых людзей складаюць новыя адміністрацыйныя пратаколы адразу пасля таго, як яны павінны быць вызвалены пасля папярэдняга арышту. Напрыклад, Раман Васільеў 27 красавіка быў асуджаны на 15 сутак арышту. Пасля вызвалення на свабодзе ён правёў толькі трое сутак, а ўжо 15 мая быў асуджаны на 12 сутак. Затым, так і не выйшаўшы на волю, ён зноў быў асуджаны на 12 сутак. Ва ўсіх трох выпадках яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (брыдкаслоўі).

“Цяпер мы чакаем. Першым у пятніцу павінен выйсці Мікалай Дземідзенка. Наступным павінен выйсці Валодзя Яроменак у нядзелю. Пасля 24 сутак арышту Раман Васільеў вызваліцца у чацвер, 7 чэрвеня, увечары — у свой дзень народзінаў”, — сказала Галіцкая.

 

Болей навін