Заява БХД: Нельга дапусціць выдачы Пыжыка беларускім уладам

06 чэрвеня 2012 13:34  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя рашуча выступае супраць дэпартацыі ў Беларусь былога следчага, палітуцекача Андрэя Пыжыка. Магчымасць яго выдачы беларускім уладам з’яўляецца абуральнай.

 

Андрэй Пыжык відавочна з’яўляецца палітуцекачом, і пры яго дэпартацыі ў Беларусь ён з вялікай доляй верагоднасці стане ахвярай палітычнага пераследу па надуманых уладамі крымінальных справах. Яго выдача будзе безумоўнай памылкай польскіх уладаў. Гэтага дапусціць нельга.

 

Справа Андрэя Пыжыка вельмі шчыльна перагукаецца са справай іншага беларускага палітуцекача, бізнэсоўца Андрэя Жукаўца, якога таксама па надуманых абвінавачваннях беларускага рэжыму спрабавалі дэпартаваць з Польшчы. Аднак пасля шырокага грамадскага розгаласу польскія ўлады адмовіліся перадаваць яго ў Беларусь.

 

Спадзяемся, што шырокае грамадскае абурэнне засцеражэ польскія ўлады ад памылковых памкненняў і выдача Андрэя Пыжыка не адбудзецца.

 

Нагадаем, што жодзінскі следчы Андрэй Пыжык у 2006 годзе адмовіўся сфабрыкаваць справу супраць сустаршыні аргкамітэту па стварэнні ГА “Абаронцы Айчыны” Аляксандра Камароўскага. За гэта ён паплаціўся працай і быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. 

Болей навін