Партыйная школа для актывістаў БХД адбылася ў Берасці (Фота)
9-10 чэрвеня ў Берасці адбылася партыйная школа для мясцовых актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Удзел у ёй узялі агулам каля 20 чалавек. Акрамя берасцейскіх сябраў БХД прысутнічалі таксама актывісты з Баранавічаў і Пружанаў.
Падчас навучання прайшлі лекцыі і семінары па дзейнасці палітычных партый у Беларусі, арганізацыі і планаванні лакальных кампаній, а таксама па працы ў сацыяльных сетках і напісанні прэс-рэлізаў. У якасці трэнераў выступілі сябры ўправы і адукацыйнай камісіі БХД Дзяніс Садоўскі, Зміцер Кухлей, Алесь Шамякін і Валерыя Чарнаморцава.
Удзельнікам берасцейскай партшколы БХД вельмі спадабаўся інтэрактыўны падыход да навучання: “Былі цікавыя і карысныя заданні, практычныя трэнінгі па распрацоўцы кампаніяў для вырашэння актуальных мясцовых праблемаў Берасцейшчыны, шмат прыкладаў. Гэта вельмі спадабалася,” – кажа адзін з удзельнікаў.
Нагадаем, партыйныя школы БХД ўжо прайшлі Гародні, Менску, Гомелі і Віцебску, а таксама ў Бабруйску для актывістаў БХД Магілёўшчыны. У наступныя выходныя аналагічнае навучанне пройдзе для сябраў БХД Менскай вобласці.
Галоўнай адметнасцю гэтага цыклу партыйнага навучання з’яўляецца скіраванасць на планаванне і правядзенне лакальных кампаніяў на мясцовым узроўні.