У Слоніме збітую міліцыянтамі актывсітку БХД аштрафавалі на 2,5 мільёны рублёў
У Слоніме 12 чэрвеня ідзе суд над мясцовай актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вольгай Пансевіч, якую ў красавіку збілі міліцыянты. Яе вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі і нецэнзурнай лаянцы.
З раніцы ў судзе заслухалі паказанні самой актывісткі і двух сведак-міліцынятаў. Па словах аднаго з іх, пры затрыманні Вольга Пансевіч паводзіла сябе нібы п’яная. Аднак гэта не пацвярджаецца паказаннямі другога міліцыянта. Таксама адсутнічае асведчаннне яе на алкаголь.
Да 14:30 у судзе быў абвешчаны перапынак. Пасля перапынку заслухалі паказанні яшчэ аднаго міліцыянта і трох сведак з боку Вольгі Пансевіч. Па выніках “суду” суддзя Іван Ластоўскі па двух адміністратыўных артыкулах – за непадпарадкаванне міліцыі і нецэнзурную лаянку – аштрафаваў актывістку на 2 мільёны 500 тысяч рублёў.
Нагадаем, што, па словах Вольгі Пансевіч, 21 красавіка на вуліцы Хлюпіна ў Слоніме прыкладна ў 19:30 да яе падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы і прапанавалі паехаць з імі ў аддзел. Жанчына адмовілася. Тады яны сілай яе скруцілі і запіхнулі ў машыну, пры гэтым наносілі ўдары рукамі і нагамі, надзелі кайданкі і завезлі ў аддзел. Там змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары трымалі трое сутак, збівалі, ставілі ў позу “ластаўкі”. Жанчына сказала, што будзе абскарджваць такія дзеянні міліцыі. У адказ 30 траўня актывістку азнаёмілі са складзенымі на яе двума пратаколамі за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам.