Хрысціянская дэмакратыя ў гісторыі Беларусі. Ідэалагічныя падыходы і практычная дзейнасць.
Прапануем вашай увазе тэкст выступу беларускага даследчыка, філосафа Франца Корзуна на круглым стале аб перспектывах развіцця Хрысціянскай Дэмакратыі ў Беларусі, які прайшоў у Менску 3 чэрвеня.
Хрысціянская дэмакратыя ў гісторыі Беларусі. Ідэалагічныя падыходы і практычная дзейнасць
Карані хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі сягаюць у пачатак XX стагоддзя, калі ў беларускім грамадстве адбываецца пашырэнне нацыянальнай свядомасці. У нацыянальным абуджэнні актыўны ўдзел прымалі і святары розных канфесій. Першымі да беларускага нацыянальнага руху прымкнулі каталіцкія святары. Яшчэ ў 1911 г. ў Віленскай каталіцкай семінарыі ўзнік беларускі культурна-асветны гурток, які заснаваў слухач семінарыі Адам Станкевіч. У 1916 г. аналагічны гурток быў створаны Станкевічам у Пецярбургскай каталіцкай акадэміі, дзе працягвалі вучобу выпускнікі Віленскай каталіцкай семінарыі. Актыўны ўдзел у працы гуртка, акрамя Адама Станкевіча, прымалі слухачы акадэміі Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Фабіян Абрантовіч, Эдвард Будзька і іншыя. Яны ўздымалі пытанні аб навучанні дзяцей у школе на роднай мове, пераводзе набажэнства ў касцёлах і цэрквах на беларускую мову, пашырэнні выдання беларускамоўных газет, школьных падручнікаў і іншыя праблемы.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі беларускія святары актыўна ўключаліся ў палітычнае жыццё краю. Яны прынялі ўдзел у першым з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, які праходзіў у Мінску 25-27 сакавіка 1917 г. На ім ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў выбраны ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) — першага каардынацыйнага цэнтра беларускага нацыянальнага руху. У красавіку-траўні 1917 г. у Мінску і Петраградзе адбываліся нарады і з’ездзы беларускіх святароў-каталікоў. 24-25 траўня на нарадзе ў Мінску ксёндз Гадлеўскі заклікаў да стварэння беларускай каталіцкай партыі. Так была заснавана Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), якая спачатку ўвашла ў склад Польскай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці. Але 5 верасня 1918 г. беларускія ксяндзы адышлі ад сваіх польскіх партнёраў і абвясцілі аб стварэнні самастойнай партыі пад ранейшай назвай.
Ідэалогія БХД арганічна вынікала з каштоўнасцей хрысціянскай этыкі і беларускай нацыянальнай ідэі і абапіралася на сацыяльнае вучэнне Касцёла. У канцы XIX — пачатку XX стст. сацыяльнае вучэнне Касцёла было дэтальна распрацавана папам Львом XIII у шэрагу энцыклік: “Diuturnum illud” (1881), “Immortale Dei” (1885), “Sapientiae Christianae” (1890), “Rerum Novarum” (1891) і “Graves de communi” (1901). Галоўнае месца сярод іх займае “Rerum Novarum”. Яна надала дактрынальны аўтарытэт сацыяльнаму вучэнню Касцёла і стала падмуркам еўрапейскага хрысціянска-дэмакратычнага руху. У энцыкліцы асуджаліся падзел грамадства на антаганістычныя класы, капіталістычны прыгнёт, бяспраўе і бядотны стан рабочых, акрэсліваліся хрысціянскія шляхі выхаду з гэтага крызісу. Леў XIII пісаў: “Калі сённяшняе грамадства мае быць аздароўленым, дык стане такім толькі праз аднаўленне хрысціянскага жыцця і хрысціянскіх устаноў”. “Rerum Novarum” таксама катэгарычна выказвалася супраць распальвання класавай барацьбы, супраць рэвалюцыі і скасавання прыватнай уласнасці.
У падмурак ідэалогіі БХД быў пакладзены тэзіс пра хрысціянскую сутнасць беларускага народнага характару: “Беларускі народ — гэта хрысціянскі народ і Хрыстус сярод нашага народу меў, мае і будзе мець шмат сваіх вызнаўцаў, якія пойдуць за сваім Божым Вучыцелем у агонь і ваду. Рэлігійнасць беларускага народу глыбокая, вольная ад прымешкі палітыкі…” Менавіта на гэтым сцвярджэнні, а таксама на хрысціянскім пастулаце, што нармальнае існаванне асобы немагчымае без сувязі з Богам, без маральнага ўдасканальвання чалавека і грамадства, будавалася дзейнасць партыі, яе характар, яе адносіны да любых праяваў рэлігійна-грамадскага і сацыяльна-палітычнага жыцця. Хрысціянская вера і хрысціянская этыка для БХД — найвышэйшы ідэал для асобы і грамадства. Яна ўтрымлівае ў сабе ўсё неабходнае для цывілізацыйнага развіцця чалавецтва. Яе паняцці справядлівасці, роўнасці, свабоды, любові, міласэрнасці з’яўляюцца непарушнымі, самадастатковымі і ўніверсальнымі ў любы гістарычны перыяд, пры любым грамадскім ладзе, для любога народу.
Гэтыя паняцці патрэбна не проста ўспрымаць як нейкія ўзвышаныя ідэі, але штодзённа рэалізоўваць іх на практыцы, у сваім жыцці: “Воля Хрыстуса ёсць, каб на свеце заўсёды панавала роўнасць, брацтва, свабода; справядлівасць, каб не было ані паноў, ані мужыкоў, але каб былі ўсе роўныя людзі, маючыя аднолькавыя правы і аднолькавыя павіннасці. Народ Беларускі можа да гэтага дайсці, калі не парабкам, не пастухом, не наймітам, як гэта было і ёсць дагэтуль, але гаспадаром пачуецца у сваім родным Беларускім Краі”. Таму цалкам зразумела, што будучыню Беларусі БХД звязвала з хрысціянствам. Беларусь, заснаваная на хрысціянскіх ідэалах, стала асноўнай мэтай дзейнасці партыі.
У першыя гады свайго існавання БХДЗ аб’ядноўвала пераважна каталіцкае духавенства і інтэлігенцыю каталіцкага веравызнання. Як палітычная сіла ў 1918-1920 гг. БХДЗ сябе не праявіла, але яе прадстаўнікі А.Станкевіч, У.Гадлеўскі, Ф.Абрантовіч і інш. уваходзілі ў склад органаў БНР і прымалі актыўны ўдзел у іх дзейнасці.
Аднак спецыфічны сацыяльны кантэкст, у якім павінна была дзейнічаць хадэцыя, аказаў значны ўплыў на ідэалогію партыі. Ва ўмовах паняволенага становішча народу, ягонай біканфесійнасці, значнага адсотку сялянства ў структуры беларускага грамадства БХД павінна была прыстасаваць палажэнні сацыяльнай дактрыны Касцёла да айчынных рэалій.
У першую чаргу гэта датычыла сацыяльнай арыентацыі. На пачатку сваёй дзейнасці БХД, як і прадугледжвала афіцыйная дактрына Касцёла, арыентавалася на рабочы клас, што ў пэўнай ступені звужала сферу яе папулярнасці. З пачатку 20-х гадоў БХД пачынае распаўсюджваць свой уплыў на іншыя сацыяльныя слаі, перш за ўсё на сялянства.
У той жа час пераглядаецца пытанне аб канфесійнай арыентацыі партыі. Калі ў 1917-1925 гг. яе дзейнасць была разлічана выключна на беларусаў-каталікоў, дык з сярэдзіны 20-х гадоў праграма хадэцыі прадугледжвала ўдзел у яе шэрагах і праваслаўных: “Перад нашымі вачамі стаяла заўсёды еднасць беларускага народу, каторы не гледзячы на ўсе патугі нашых апекуноў астаўся адзіны ў сваёй мове, абычаях і нацыянальнай душы. Затым і БХД аснована на гэтай еднасці; мы не адкідаем ад сябе ні каталікоў, ні праваслаўных Беларусаў, але ўсіх прыймаем пад свой беларускі хрысціянска-дэмакратычны сцяг”. Гэта было адступленнем ад афіцыйнай дактрыны Касцёла, аднак рэальная сітуацыя патрабавала больш гнуткай пазіцыі ў канфесійным пытанні. Ад гэтага залежала не толькі папулярнасць партыі ў беларускім грамадстве, але і магчымасць практычнага ажыццяўлення яе мэтаў.
Поруч з хрысціянствам адным з галоўных аспектаў ідэалогіі БХД з’яўляўся дэмакратызм. Паводле хадэкаў, дэмакратызм арганічна выцякае з самой сутнасці, з духу хрысціянства: “Мы хрысціяне, а знача — дэмакраты. Хрысціянін ня можа ня быць дэмакратам, бо хрысціянства прызнае й шануе людзкія правы кожнай адзінкі й кожнага народу, а так жа брацтва людзей і народаў”.
Практычная дзейнасць партыі мела парламенцкі характар. Яна прымала ўдзел у выбарах у органы прадстаўнічай улады міжваеннай Польшчы і спадзявалася праз дзейнасць сваіх дэпутатаў палепшыць нацыянальна-палітычнае становішча беларусаў. Парламентарызм разглядаўся партыяй як аснова дэмакратычнага ладу. Таму ў 20-я – першай палове 30-х гадоў БХД актыўна ўдзельнічала ў выбарах у Сойм і Сенат Польшчы, а таксама ў мясцовыя самаўрады. Дэпутаты ад БХД удзельнічалі ў Беларускім пасольскім клубе. А ў 1928 годзе было прынята рашэнне, што ЦК БХД напярэдадні выбараў у Сойм і Сенат створыць супольны блок з іншымі беларускімі партыямі і арганізацыямі, выключаючы партыі і арганізацыі прапольскай і прабальшавіцкай арыентацыі. Выконваючы пастанову з’езда, ЦК БХД у снежні 1927 г. заснаваў ў Вільні Беларускі Аб’яднаны Выбарны Камітэт, у які, акрамя хадэцыі, увайшлі Беларускі Сялянскі Саюз і Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднанне. Камітэт, у сваю чаргу, увайшоў у блок нацыянальных меншасцяў. Такім чынам, на выбары 1928 г. у Сойм і Сенат БХД ішла разам з дэмакратычнымі арганізацыямі ўкраінцаў, габраяў, немцаў і літоўцаў.
Вельмі важнай сферай дзейнасці БХД з’яўлялася культурна-асветніцкая праца. Для арганізацыі і каардынацыі культурніцкай дзейнасці быў створаны БІГіК – Беларускі інстытут гаспадарскі і культуры. Дамінаванне культурна-асветніцкай працы тлумачыцца і тым, што калі нацыянальная свядомасць толькі пачынала фармавацца ў шырокіх колах насельніцтва, выключна палітычная дзейнасць партыі не магла мець поспеху і была асуджана на няўдачу.
Культурна-асветніцкая дзейнасць БХД па сваёй структуры падзялялася на некалькі відаў: гаспадарчая, адукацыйная, культурна-масавая, рэлігійна-асветніцкая і выдавецкая.
Гаспадарчая дзейнасць – гэта стварэнне пад уплывам БХД сялянскіх кааператываў і іншых гаспадарчых арганізацый з мэтай пашырэння ўплыву партыі ў сялянскім асяроддзі.
Адукацыйная дзейнасць мела наступныя формы: барацьба за стварэнне дзяржаўнай сістэмы беларускай пачатковай і сярэдняй адукацыі; легалізацыя беларускага настаўніцтва і стварэнне базы для яго прафесійнай падрыхтоўкі; пашырэнне пазашкольнай самаадукацыі. БХД змагалася за адкрыццё беларускіх пачатковых і сярэдніх школ, а там, дзе гэта не атрымлівалася – за стварэнне польска-беларускіх школ альбо за ўвядзенне беларускай мовы ў якасці навучальнага прадмета ў польскіх школах. Значнае месца ў дзейнасці БХД займала і асветніцкая работа сярод дарослых: арганізацыя вясковых і гарадскіх бібліятэк, музеяў, чытанне публічных лекцый. Асабліва вялікая ўвага надавалася арганізацыі на вёсцы беларускіх бібліятэк. Яны разглядаліся як адзін з дзейсных сродкаў прапаганды беларускай нацыянальнай ідэі, пашырэння этнічнай самасвядомасці народа, павышэння ўзроўню яго адукаванасці. Бібліятэка ў вёсцы павінна была стаць цэнтрам яе культурнага жыцця і самаадукацыі.
Культурна-масавая дзейнасць адлюстроўвалася ў мастацкіх і асветніцкіх формах. Да іх адносіліся арганізацыя і дзейнасць самадзейных музычных тэатральных калектываў, наладжванне канцэртаў, урачыстае святкаванне датаў беларускай гісторыі і культуры (400-годдзе Літоўскага Статута, 30-годдзе з дня смерці Францішка Багушэвіча і г.д.). Такія акцыі дазвалялі партыі фармаваць у насельніцтва гістарычную памяць, закладаць еднасць беларускага народа на ўсіх яго этнаграфічных землях.
Наладжванне шырокай сеткі самадзейных мастацкіх калектываў дазваляла хадэцыі прычыніцца не толькі да эстэтычнага выхавання сялянства. Тэатральныя і музычныя гурткі з’яўляліся даволі моцным інструментам псіхалагічнага ўплыву на насельніцтва. Дзякуючы іх працы пераадольваліся многія адмоўныя стэрэатыпы, павышаўся статус роднай мовы.
Дзейнасць хораў, аркестраў і асабліва тэатральных труп разглядалася хадэцыяй як значны фактар паскарэння працэсу нацыятворчасці.
Рэлігійна-асветніцкая праца ў сілу сваёй спецыфічнасці мела як прапагандысцкія формы (агітацыя за беларусізацыю рэлігійнага жыцця, выступленні ў абарону інтарэсаў беларусаў-каталікоў і праваслаўных), так і практычныя (душпастырская і прапаведніцкая дзейнасць). Яна была накіравана на беларусізацыю Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. У пачатку 20-х гадоў яе актыўна падтрымліваў у гэтай справе віленскі арцыбіскуп Юргіс Матулайціс. Літовец па нацыянальнасці, ён прыхільна ставіўся да беларусаў і актыўна падтрымліваў намаганні беларускіх і літоўскіх святароў, якія ўводзілі богаслужэнне ў касцёлах на роднай мове. Актыўную працу па беларусізацыі Касцёла вялі члены БХДЗ ксяндзы Адам Станкевіч у Вільні, Канстанцін Стаповіч у Свіры, Вінцэнт Гадлеўскі ў Жодзішках, Андрэй Цікота ў Друі і інш. Але неўзабаве сітуацыя змянілася. У 1925 г. паміж Польшчай і Ватыканам быў заключаны канкардат, паводле якога Папа Рымскі мог прызначаць на біскупскія пасады ў Польшчы толькі палякаў, а Касцёл павінен быў служыць умацаванню польскай дзяржаўнасці. Гэта прывяло да замены Матулайціса на пасадзе віленскага арцыбіскупа палякам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Новы арцыбіскуп пачаў уводзіць абмежаванні на ўжыванні роднай мовы ў набажэнстве, а непаслухмяных святароў аддаваць пад нагляд паліцыі. На гэтай глебе пачалі ўзнікаць канфлікты, як гэта мела месца ў Жодзішках, дзе служыў Вінцэнт Гадлеўскі Нягледзячы на забарону арцыбіскупа, ён працягваў адпраўляць набажэнствы на беларускай мове. За гэта ён быў абвінавачаны ў падбухторванні вернікаў да антыдзяржаўных акцый і асуджаны Віленскім акруговым судом да 2 гадоў турэмнага зняволення. 7 лістапада 1927 г. Ялбжыкоўскі забараніў ксяндзу Адаму Станкевічу займацца палітычнай дзейнасцю, аргументаваўшы гэта тым, што праца Станкевіча на гэтай ніве не адпавядае характару святарскага служэння. Непрыхільна і варожа ставіўся арцыбіскуп да БХД, лічачы яе дзейнасць шкоднай для Польшчы. 10 лістапада 1928 г. Ялбжыкоўскі выдаў “Ліст арцыбіскупа-мітрапаліта Віленскага ў справе БХД”. Асноўны змест гэтага паслання зводзіўся да забароны вернікам належаць да БХД і чытаць газету “Беларуская Крыніца”. Гэты загад абгрунтоўваўся тым, што нібыта хадэцыя ў сваёй праграме і газеце прапагандуе бальшавізм і што для партыі характэрна індэферэнтнасць у рэлігійных дачыненнях.
Вынікі паходу Ялбжыкоўскага супраць БХД былі рознымі. З аднаго боку, некаторыя сябры выйшлі з шэрагаў партыі. З другога — назіраўся масавы наплыў новых сяброў хадэцыі і чытачоў “Беларускай Крыніцы”. Наклад «Беларускай Крыніцы» ў 1930 г. склаў 6000 асобнікаў, што на 1000 асобнікаў больш, чым у папярэднія гады. Такім чынам, БХД вытрымала гэты ўдар і працягвала заставацца адной з найбольш уплывовых беларускіх партый у Заходняй Беларусі.
Выдавецкая дзейнасць адначасова выступала і як інструмент культурна-асветніцкай дзейнасці, і як яе важная форма. Асноўным перыядычным органам хадэцыі з’яўлялася газета “Беларуская Крыніца”. Партыя выдавала таксама і часопісы “Шлях Моладзі”, “Самапомач”, “Калосьсе”, “Хрысціянская думка” і “Wiadomośći Białoruskie”. Акрамя перыядычнага друку, БХД займалася таксама і кнігавыдавецкай дзейнасцю. Тэматыка выдадзеных кніг была рознабаковай і ахоплівала ўсе напрамкі выдавецкага рынку Заходняй Беларусі. Асаблівае месца займаюць выданні біблейскай тэматыкі. Так у 1930 – 1933 гг. былі выдадзеныя працы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага “Гісторыя Святая або Біблійная Старога Закону” і “Гісторыя Святая або Біблейная Новага Закону”. Гадлеўскі таксама пераклаў чатыры Евангеллі на беларускую мову. Да канца 30-х гг. выйшла некалькі асветніцкіх і рэлігійна-філасофскіх кніг беларускіх святароў Віктара Шутовіча, Адама Станкевіча, Фабіяна Абрантовіча, Яна Тарасэвіча. У 1926 і 1934 гг. двума выданнямі выходзіў малітоўнік “Голас душы”, укладзены Канстанцінам Стаповічам. У 1927 г. быў выдадзены “Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў”.
Усе гэтыя формы культурна-асветніцкай дзейнасці БХД ахоплівалі ўсе сферы беларускага культурнага жыцця ў міжваеннай Польшчы. Дзякуючы ініцыятывам і праектам хадэцыі развіваліся мастацкая літаратура, тэатр, музычная культура, інтэлектуальная думка, выяўленчае мастацтва. Усё гэта станоўча ўплывала на развіццё айчыннай культуры. Адначасова гэтая дзейнасць спрыяла росту папулярнасці партыі, якая ў пачатку 30-х гадоў стала найбольш уплывовай партыяй у беларускім нацыянальным руху.
У 1936 годзе БХД мяняе назву на Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць партыі ад царкоўных структур. У якасці галоўнай палітычнай мэты ў праграме падкрэслівалася імкненне БНА да таго, “каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы да эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян”.
Суадносіны паміж рознымі групамі грамадства, згодна БХД, павінны будавацца паводле прынцыпу карпаратыўнасці. Гэты прынцып быў пакладзены ў аснову паняцця “культуры сужыцця”, якое было распрацавана і прапагандавалася БНА у 1937-1939 гг. Пад гэтым паняццем разумеліся салідарнасць і супрацоўніцтва розных слаёў грамадзтва ў развіцці нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Здольнасць сацыяльных і этнічных групаў ахвяраваць сваімі прыватнымі інтарэсамі дзеля грамадскага дабра — галоўны паказчык сталасці нацыі, яе цывілізаванасці. Адсюль — культура сужыцця з’яўляецца формай і асновай дэмакратычнага ладу, бо ўлічвае запатрабаванні ўсяго грамадства: “Мерай жыццёвай сілы кожнага народу з’яўляецца ягоная культура сужыцця — салідарнасць і супрацоўніцтва ягоных групаў у развіцці сваёй народнай і агульналюдскай культуры. Культурны народ толькі гэтак прадстаўляе сваю духовую сілу — сілу народнай душы”. Узвышэнне ж якой-небудзь адной сацыяльнай групы над іншымі вядзе да развалу народнага адзінства, да выспявання варожасці ў грамадстве і, як правіла, да знікнення самога народу. Культура сужыцця павінна быць нормай ня толькі ўнутранага жыцця народа, але і міжнародных стасункаў. Яна тычыцца ня толькі ўзаемадачыненняў розных сацыяльных групаў аднаго этнасу, але і міжэтнічных дачыненняў. Пагрозай для натуральнага развіцця кожнага народу з’яўляецца дыктатура, бо “кожная дыктатура — гэта нішто іншае, як праява брутальнай сілы, якая не развівае, але спыняе ў народзе развой культуры сужыцця”. Дыктатура, такім чынам, вядзе да развалу народнай еднасці, да росту варожасці між сацыяльнымі групамі. Зразумела, што БНА рэзка выступала супраць дыктатуры пралетарыяту, як і любой іншай сацыяльнай групы. Так, напрыклад, у сваім Камунікаце ад 18 верасня 1938 г. кіраўніцтва арганізацыі адназначна заяўляла: “Рада БНА ад імя ўсяе арганізацыі выказваецца проціў расізму ў форме антысемітызму і іншых ягоных праявах, проціў усялякай дыктатуры, фашыстоўскай, камуністычнай і іншай, якая нясе няволю народам, працоўным масам і адзінкам”.
Практычнай рэалізацыі дэмакратызму ў краіне, паводле хадэкў, паспрыяла б усталяванне сістэмы мясцовых самаўрадаў. У іх кампетэнцыю павінны ўваходзіць адміністратыўныя, эканамічныя, адукацыйныя, зямельныя і сацыяльныя пытанні. Для паспяховага вырашэння гэтых пытанняў самаўрады павінны мець свой бюджэт. Калі ж яго памераў недастаткова для забеспячэння ўсіх патрэбаў, дзяржава павінна аказваць фінансавую дапамогу мясцоваму самакіраванню. Абіраюцца самаўрады на аснове агульнага, простага, роўнага і прапарцыянальнага галасавання. Асаблівы націск БХД рабіла на тое, што мясцовыя самаўрады павінны быць незалежнымі як ад цэнтральнага ўраду, так і ад мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі.
Асобна ў канцэпцыі БХД былі агавораны праблемы нацыянальных меншасцяў. Любая этнічная меншасць у краіне ўжо самім фактам свайго існавання мае права захоўваць і развіваць свае этнічныя асаблівасці, свой нацыянальны побыт, мову, рэлігію і г.д. Недапушчальна прыносіць гэтыя правы ў ахвяру дзяржаўным інтарэсам. Наадварот, дзяржава павінна аказваць прапарцыянальную матэрыяльную і маральную падтрымку нацыянальным меншасцям. Апрача гэтага, нацыянальныя меншасці маюць права на культурную і тэрытарыяльную аўтаномію, на прадстаўніцтва ў парламенце, на займанне дзяржаўных пасадаў, на адукацыю на роднай мове і г.д. БНА сцвярджала, што “кожная дзяржава, якая пагражае існаванню этнічных адрозненняў сваіх нацыянальных меншасцяў і, замест стварэння ўмоваў для натуральнага развіцця, нішчыць і праследуе іх — паступае немаральна”.
Ва ўмовах узмацнення нацыяналістычнай дыктатуры ў Польшчы БНА робіць крокі насустрач левым беларускім арганізацыям. БХД заключае пагадненне з пракамуністычным Таварыствам беларускай школы аб адзінстве дзеянняў у справе барацьбы за школу на роднай мове. Разам ТБШ і БІГіК наладзілі шэраг акцый у падтрымку беларускай школы. Але гэтае збліжэнне выклікала супраціў як часткі камуністаў, так і часткі хрысціянскіх дэмакратаў. З боку БНА найбольшы супраціў гэтай ідэі выказаў адзін з ідэолагаў хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. У выніку адбыўся раскол партыі. У чэрвені 1936 г. Гадлеўскі разам з сваімі паплечнікамі засноўвае газету “Беларускі фронт”, на старонках якой рашуча адмяжоўваецца ад лініі БНА.
Далейшае развіццё хрысціянскай дэмакратыі было перарванае з прычыны неспрыяльных палітычных умоваў. З сярэдзіны 30-х гадоў польскі ўрад узмацняе наступ на нацыянальныя меншасці і на палітычную апазіцыю. У 1936 г. улады забараняюць БІГіК. А ў 1939 г. Польшча патрапляе пад нямецкую акупацыю, а Заходняя Беларусь уваходзіць у склад СССР. Многія дзеячы БХД былі рэпрэсаваныя і загінулі ў засценках НКВД і сталінскіх лагерах. Некаторыя выдатныя хрысціянскія дэмакраты (напрыклад, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі) загінулі ў час нямецкай акупацыі ад рук гестапа. У выніку лёс першай беларускай хрысціянскай дэмакратыі аказаўся трагічным.
Такім чынам, гісторыя першай беларускай хрысціянскай дэмакратыі дае падставы для наступных высноваў.
1. БХД паказала на практыцы магчымасць існавання ў Беларусі хрысціянскай партыі і стварыла ўнікальную для беларускага нацыянальнага руху ідэалогію. Гэта ідэалогія арганічна вынікала з каштоўнасцей хрысціянскай этыкі і беларускай нацыянальнай ідэі. Падставай ідэалогіі БХД з’яўлялася сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое давала каталікам магчымасць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Новым для каталіцкага вучэння ў ідэалогіі БХД з’яўляўся зварот да нацыянальнай праблематыкі, якая абгрунтоўвалася з пазіцый хрысціянскай этыкі. Усе гэтыя палажэнні найбольш поўна былі адлюстраваны ў распрацаванай хадэцыяй мадэлі “культуры сужыцця”. Ідэалогія БХД зрабіла значны ўнёсак у развіццё беларускай нацыянальнай ідэі ў першай палове XX ст.
2. Дзейнасць БХД не абмяжоўвалася толькі палітычнай сферай. Праз разнастайную культурна-асветніцкую дзейнасць яна ахоплівала ўсе сферы народнага жыцця: гаспадарчую, адукацыйную, культурную, рэлігійную і г.д. Была створана эфектыўная мадэль духоўнага і культурніцкага выхавання насельніцтва, рэалізацыя якой спрыяла таксама пашырэнню сацыяльнай базы партыі.
3. У рамках БХД была створана мадэль міжканфесійнага супрацоўніцтва, якая дазволіла партыі не замкнуцца ў канфесійных межах, а разгарнуць сумесную дзейнасць па абароне правоў беларусаў розных веравызнанняў.
4. Таксама у межах БХД была наладжана мадэль супрацоўніцтва з іншымі палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі, нават пракамуністычнымі, у тых пытаннях, якія складалі агульны інтарэс, а таксама з арганізацыямі іншых нацыянальных меншасцей Польшчы ў агульнай барацьбе супраць паланізацыі.