а. Мікалай Гайдук: Ці ж давяраў судовай сыстэме Хрыстос?
22 чэрвеня ў Горадні мае адбыцца суд над праваслаўным сьвятаром Мікалаем Гайдуком. За тое, што той адмовіўся ад дактыляскапіі, яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні службовым асобам. На першае паседжаньне суду 12 чэрвеня не зьявіўся ўчастковы міліцыянт Тадэвуш Матукевіч, які складаў на сьвятара пратакол. У праграме «Вынікі дня» айцец Мікалай, расказаў, чаму адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў.
а. Мікалай: Гэта выглядала неяк настойліва, гэта не было свабодным выбарам чалавека. У мяне няма іншага выйсьця. Я хацеў параіцца і з архіярэем і зь сьвяшчэннаначальлем, і з духаўніком, але не атрымалася. Але ведаеце, мяне больш турбуе ня тое, можна гэтыя адбіткі здаваць ці не, а тое, што міліцыянт склаў пратакол, безь мяне, парушыў закон дзеля нейкай сваёй мэты. Людзі пытаюцца — чаму ты будзеш ці ня будзеш здаваць адбіткі… А мяне больш турбуе, чаму ён ідзе на падман. Здаецца, што падману ўвогуле не павінна быць. Не павінна быць ніякіх злачынных дзеяньняў з боку праваахоўных органаў.
Знаткевіч: Айцец Мікалай, я б хацеў удакладніць пазыцыю Царквы ў гэтым пытаньні. Япархія надрукавала сваё меркаваньне, дзе падтрымліваецца ідэя, што калі чалавека прымушаюць здаваць, то гэта можа парушаць правы асобы…
а. Мікалай: Ня трэба нікога прымушаць, трэба, каб у чалавека была свабода выбару. Каб чалавек мог сказаць: я хачу альтэрнатыву. Ці не хачу — мяне задавальняе тое, што ёсьць.
Знаткевіч: Але ж у Беларусі ўвялі закон пра прымусовую дактыляскапію ваеннаабавязаных мужчынаў.
а. Мікалай: Калі казаць асабіста пра мяне, то я — сьвятар, а сьвятар не зусім ваеннаабавязаны, бо ён ня мае права трымаць у руках зброю. Нават калі б быў і закон, што трэба ўзяць у рукі зброю і сьвятарам ды ісьці з гэтай зброяй у руцэ… Нават я ведаю тыя прыклады, калі сьвятары яшчэ да таго, каб быць сьвятарамі, у Вялікую айчынную вайну змагаліся на боку чырвоных — у нас быў у саборы айцец Павел, то ён, пасьля таго, як скончылася вайна, яшчэ нёс трохі епіцім’ю, бо хацеў быць сьвятаром, а сьвятар ня можа быць забойцам.
Знаткевіч: Царква выказвае засьцярогі, што гэтымі адбіткамі пальцаў могуць злоўжываць. Якія, па-Вашаму, тут могуць быць злоўжываньні з боку ўлады?
а. Мікалай: У нас няма ніякага спосабу, каб узяць і сказаць: усё, кропка, далей ісьці нельга, бо тут парушаюцца нашы правы, наша годнасьць і наша самапавага. Дзяржава сёньня ўвяла адбіткі пальцаў, заўтра можа ўвесьці яшчэ нешта, пасьлязаўтра яшчэ нешта, потым скажа, што трэба нейкую адзіную картку даць чалавеку і ўсё ў жыцьці ён зможа рабіць толькі з гэтай карткай. А потым можа яшчэ й чып ужывяць — таксама будзе вельмі зручна. Ну а потым скажуць: ты не пакланіўся, дык і чып табе адключым, і чалавек можа выпасьці з грамадзкага жыцьця.
Знаткевіч: Часам можна пачуць, пераважна ад людзей неправаслаўных, што, маўляў, у Беларусі ўлады якраз вельмі добра ставяцца да Праваслаўнай Царквы, даюць ёй розныя прывілеі — Вы пагадзіліся б з такім меркаваньнем? Якія адносіны паміж царкоўнымі і сьвецкімі ўладамі?
а. Мікалай: Тут ужо больш архіярэі могуць адказаць. А так мне здаецца, наколькі я бачу — ну, вось, помню, быў землятрус у Кітаі, і тыя сродкі, якія Беларусь дала на дапамогу кітайскім братам, былі ў шмат разоў большыя, чым тыя сродкі, якія Беларусь дала Беларускай Праваслаўнай Царкве.
Знаткевіч: Вяртаючыся да Вашага выпадку зь міліцыянтам — як сябе паводзілі міліцыянты, калі патрабавалі ад Вас здаць адбіткі пальцаў?
а. Мікалай: Я іх ня бачыў увогуле, таму мне не вядома, ві былі яны ветлівыя ці не. Яны склалі ў кабінэце пратакол безь мяне.
Знаткевіч: А ў чым канкрэтна яны Вас абвінавачваюць?
а. Мікалай: У непадпарадкаваньні законным патрабаваньням ахоўнікаў парадку.
Знаткевіч: Дык яны напісалі, што нешта ад Вас патрабавалі, а Вы адмовіліся?
а. Мікалай: Ну, так, і напісалі: ад подпісу адмовіўся. І так — у чатырох месцах таго пратаколу. А я таго міліцыянта і ня бачыў. Можа я б і ня стаў адмаўляцца, калі б бачыў.
Знаткевіч: У суд участковы міліцыянт Тадэвуш Матукевіч не зьявіўся і таму Вашу справу перанесьлі на 22 чэрвеня. А Вы не спрабавалі неяк зь ім зьвязацца, пагаварыць?
а. Мікалай: Ведаеце, сёньня патэлефанаваў начальнік Ленінскага раёну і сказаў, што напэўна недакладна быў зроблены пратакол, і трэба ўдакладніць нейкія акалічнасьці. Я яму паабяцаў, што прыйду, але ў мяне не атрымалася. Мабыць, яны ўжо й самі разумеюць, што да іхнага пратаколу шмат пытаньняў.
Знаткевіч: Чаго Вы чакаеце ад наступнага судовага паседжаньня?
а. Мікалай: Ведаеце, мне цікава паглядзець. Калі на чалавека проста седзячы ў кабінэце скласьці пратакол — дык зможа суд даказаць ці ня зможа, што чалавек у гэтым не вінаваты?
Знаткевіч: На нашым радыё рэгулярна гучаць рэпартажы, дзе людзі сьцьвярджаюць, што іх судзяць, напрыклад, за брыдкаслоўе, хоць яны не лаяліся і не брыдкасловілі… Вы давяраеце судовай сыстэме?
а. Мікалай: Ну а ці давяраў судовай сыстэме Хрыстос? А апосталы давяралі? А навамучанікі давяралі судовай сыстэме? Вось Вам і адказ…