БХД патрабуе знайсьці і пакараць вінаватых у зьяўленьні фашыстоўскіх надпісаў у Бабруйску

14 чэрвеня 2012 13:45  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэньні Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” абураны зьяўленьнем у Бабруйску ў алтарнай частцы найстарэйшага касьцёлу ў горадзе абразьлівых надпісаў, якія скіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варажнечы ў краіне.

 

Нагадаем, што напрыканцы траўня ў Бабруйску ўнутры былога езуіцкага касьцёла былі выяўленыя надпісы, якія заклікаюць забіваюць каталікоў, езуітаў і палякаў дзеля “ратаваньня Расеі”. Таксама зламысьнікі ў нецэнзурнай форме зьневажаюць асобу каталіцкага сьвятога Андрэя Баболі, тым самым зьневажаючы пачуцьці каталіцкіх вернікаў і кідаючы цень на праваслаўных.

 

Аргкамітэт па стварэньні Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” расцэньвае дадзены факт расейскага фашызму на Беларусі як выклік беларускаму грамадзтву. Як вядома, асобаў, якія пішуць “Жыве Беларусь!” знаходзяць і судзяць вельмі хутка, а дадзены факт дагэтуль застаецца нерасьледваным.

 

У сувязі з гэтым Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя заклікае беларускія ўлады і праваахоўныя органы краіны ў як мага бліжэйшы час расьсьледваць дадзены факт, знайсьці і пакараць вінаватых. У хуткім часе адпаведны зварот будзе перададзены ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. 

Болей навін