БХД накіравала ў Генпракуратуру і Мінкульт заявы па факце апаганення храма ў Бабруйску
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” накіраваў у Генеральную пракуратуру Беларусі заяву па факце апаганення езуіцкага касцёлу ў Бабруйску.
Нагадаем, што напрыканцы траўня ў Бабруйску ўнутры былога езуіцкага касьцёла былі выяўленыя надпісы, якія заклікаюць забіваюць каталікоў, езуітаў і палякаў дзеля “ратаваньня Расеі”. Таксама зламысьнікі ў нецэнзурнай форме зьневажаюць асобу каталіцкага сьвятога Андрэя Баболі, тым самым зьневажаючы пачуцьці каталіцкіх вернікаў і кідаючы цень на праваслаўных. Аргкамітэт па стварэньні Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” расцэньвае дадзены факт расейскага фашызму на Беларусі як выклік беларускаму грамадзтву.
Заяву падпісалі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі. “Расцэньваючы дадзеныя факты як выклік беларускаму грамадству, свету, спакою і стабільнасці ў краіне, прашу як мага хутчэй расследаваць іх, знайсці і пакараць вінаватых у абодвух выпадках”, – гаворыцца ў звароце.
Кіраўніцтва БХД таксама накіравала заяву ў Міністэрства культуры Беларусі. Улічваючы, што будынак былога езуіцкага касцёла з’яўляецца найстарэйшым будынкам у Бабруйску, занесеным у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі просяць “прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння яго захаванасці і недапушчэння нанясення яму шкоды”. Нагадаем, што ў ноч з 3 на 4 снежні 2011 будынак касцёла моцна пацярпеў ад пажару.