У Рагачове з раённай газеты звальняюць “нячэснага” журналіста
У Рагачове з мясцовай раённай газеты “Свабоднае слова” галоўны рэдактар Андрэй Шышкін звальняе журналіста Сяргея Сергіенку. Пра гэта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі паведаміў мясцовы каардынатар БХД Дзяніс Дашкевіч.
Афіцыйнай прычынай звальнення названы прагул: нібыта адсутнасць Сергіенкі на працы з 10:00 да 17:00. Аднак, па словах супрацоўнікаў газеты, гэта хлусня. Пры гэтым яны адзначаюць, што ў той дзень Шышкіна самога не было на працы.
18 чэрвеня журналіста выклікалі да галоўнага рэдактара і запатрабавалі распісацца ў загадзе аб звальненні з 2 ліпеня. Аднак копію загаду журналісту не выдаюць. Сам жа Сергіенка мае намер звяртацца ў суд.
Журналісту неаднаразова пагражалі магчымым звальненнем, калі ён не перастане выяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю і пісаць “няправільныя” артыкула. У прыватнасці, што Сяргей Сергіенка стала ўздымаў у сваіх матэрыялах праблемы гарадскіх зон адпачынку, звалак, высокіх коштаў прадуктаў.