Віталь Рымашэўскі пра заяву міністра юстыцыі: гэта верх цынізму
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў называюць “бязглуздзіцай” і “фарысействам” заявы міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага аб палітычных партыях.
20 Чэрвеня Сліжэўскі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА заявіў: “У Беларусі на сённяшні момант зарэгістравана 15 палітычных партый. Я не магу сказаць, што ў нас развітая партыйная сістэма. Колькасць большасці партый, якія дзейнічаюць у рэспубліцы, нязначна перавышае мінімальна устаноўленую заканадаўствам колькасць ў 1 тысячу чалавек. Пра што гэта кажа? Нейкай сур’ёзнай падтрымкі з боку насельніцтва палітычныя партыі не маюць “.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Віталь Рымашэўскі заявіў БелаПАН, што яму “складана каментаваць поўную бязглуздзіцу”.
“Гэта верх цынізму. Чатыры разы БХД спрабавала зарэгістравацца, і чатыры разы ў рэгістрацыі Мінюст незаконна нам адмовіў. Як толькі мы падавалі спісы заснавальнікаў партыі ў Мінюст, на іх, заснавальнікаў, адразу ж пачынаўся ціск з мэтай прымусіць іх адклікаць свае подпісы. Ціснулі на працы, на вучобе, прыходзіла міліцыя і супрацоўнікі КДБ, між іншым, пад выглядам прадстаўнікоў упраўленняў юстыцыі. Усё роўна людзі не адмаўляліся, а Мінюст вымушаны быў шукаць зачэпкі, каб адмовіць нам у рэгістрацыі ледзь не за арфаграфічныя памылкі”, – сказаў Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, нават у цяперашняй сітуацыі БХД можа разлічваць на падтрымку некалькіх тысяч актывістаў. “У больш-менш цывілізаваных умовах да нас бы далучыліся дзесяткі тысяч людзей”, – лічыць палітык.