БХД заклікае дэмакратычныя сілы ўжо зараз заявіць аб непрызнанні выбараў
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо сёння заявіць аб непрызнанні дэмакратычнымі, празрыстымі і законнымі “парламенцкіх выбараў”, правядзенне якіх запланавана ўладамі на 23 верасня 2012 года. Праект адпаведнай заявы вынесены на парадак паседжання “Кааліцыі шасці”, якое пачнецца 22 чэрвеня а 12-й гадзіне.
На сённяшні дзень улады не выканалі ніводнага патрабавання, вылучанага дэмакратычнымі сіламі Беларусі пры падпісанні Пагаднення “Аб умовах правядзення свабодных выбараў”, і з моманту абвяшчэння даты “выбараў” іх выкананне становіцца практычна немагчымым.
Гэтак у Беларусі дагэтуль неспынены крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, а таксама іншых палітычных зняволеных, ім не вернута паўната грамадзянскіх правоў і свабодаў. У краіне працягваецца пераслед іншадумцаў, вяртанне звольненых і выключаных (у выпадку іх жадання) на ранейшыя месцы працы і вучобы не забяспечана.
Грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялі ў рэгістрацыі, дагэтуль незарэгістраваныя. Не ўнесеныя неабходныя змены ў заканадаўства, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці, не адмененыя артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса. Дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ працуюць у розных умовах, існуе вельмі складаная сістэма рэгістрацыі недзяржаўных СМІ, дзейнічаюць незаконныя абмежаванні на іх выданне і распаўсюд.
Апроч таго, ў Выбарчы кодэкс не ўнесеныя змены, што гарантуюць роўнасць палітычных сіл пры фарміраванні выбарчых камісій, рэальныя магчымасці забеспячэння кантролю і вядзення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў, а таксама магчымасць правядзення незалежных сацыялагічных даследаванняў і інструментаў рэальнай абароны інтарэсаў выбаршчыкаў і кандыдатаў у судзе.
Такім чынам, у Беларусі так і не створаныя ўмовы для правядзення свабодных выбараў, якія б маглі лічыцца дэмакратычнымі, празрыстымі і законнымі. У сувязі з гэтым мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы пачаць супольную кампанію па непрызнанні выбараў 2012 году, а ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь – не ўдзельнічаць у галасаванні і далучацца да дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі.
Праект адпаведнай заявы вынесены на парадак паседжання “Кааліцыі шасці”, якое пачнецца 22 чэрвеня а 12-й гадзіне. Цалкам тэкст заявы тут: praekt-zayavy.doc