Заява БХД: Апаганенне хрысціянскіх храмаў стала ў Беларусі тэндэнцыяй
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абураная чарговым фактам апаганення хрысціянскіх храмаў у Беларусі, якое адбылося ў ноч на 26 чэрвеня ў Мазыры, і бяздзеяннем праваахоўных органаў па недапушчэнні гэтага.
Дадзены факт ужо далёка няпершы ў гэтым годзе. Апаганенне хрысціянскіх храмаў стала ў Беларусі тэндэнцыяй. Гэтак ў сакавіку невядомыя абрабавалі каталіцкую капліцу Маці Божай Будслаўскай у Менску і апаганілі сатанінскай сімволікай праваслаўны храм у гонар Іаана Прадцечы ў прыходзе святога Сергія Раданежскага ў Мазыры. У траўні былі выяўленыя антыкаталіцкія надпісы на сценах былога касцёлу ў Бабруйску. І зараз зноў надыйшла чарга праваслаўных храмаў Мазыра: царквы святога Сергія Раданежскага і Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора.
Праваахоўныя органы не надаюць годную ўвагу прафілактыцы дадзенага віду злачынстваў, займаючыся перадусім не сваімі непасрэднымі абавязкамі, а пераследам дэмакратычных сілаў. Пры гэтым росту антыхрысціянскіх злачынстваў спрыяюць і дзеянні праваахоўны органаў, якія кідаюць пад суд святароў, выганяюць іх з краіны, урываюцца ў іх дамы, разганяюць малітоўныя акцыі. Пры гэтым улады краіны адмаўляюцца вяртаць вернікам забраныя храмы, ператворваючы іх пад бардэлі, і абсалютна ігнаруюць меркаванні Цэркваў.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя лічыць недапушчальнымі факты апаганення храмаў і заклікае праваахоўныя органы заняцца іх непасрэднымі абавязкамі, а не пераследам іншадумства ў краіне.