Затрыманую ў Віцесбку актывістку БХД Алену Семенчукову будуць судзіць 5 ліпеня
У Віцебску 29 чэрвеня была затрыманая актывістка аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Алена Семенчукова. Пра гэта паведаміла віцебская абласная каардынатарка БХД Таццяна Севярынец.
Дзяўчыну з малодшым братам Сяргеем затрымалі міліцыянты і запатрабавалі паказаць заплечнікі для праверкі. Паколькі ў іх былі выяўленыя 34 улёткі за байкот “выбараў”, міліцыянты іх затрымалі. Непаўнагадовага Сяргея міліцыянты праз тры гадзіны адпусцілі, а Алену пакінулі ў ІЧС, звінаваціўшы ў несанкцыянаваным пікеце.
Пры гэтым дзяўчыне, якую затрымалі ў летняй вопратцы, забаранілі перадаць цёплыя рэчы. У выніку Алена Семенчукова правяла бессоную ноч у камеры, дзе яна была адна, бо, каб сагрэцца, ёй даводзілася ўвесь час хадзіць. Нягледзячы на гэта, актывістка БХД захварэла, ёй баляць горла і вушы. У ізалятары дзяўчына мелася абвесціць галадоўку, але яе пераўпэўнілі. Разам з тым пакармілі яе толькі ўдзень.
30 чэрвеня Алену Семенчукову завезлі ў суд, дзе збіраліся судзіць паводле ч. 4 арт. 23.34 КоАП. Але суддзя загадаў пераафарміць пратакол. У выніку дзяўчыну зноў завезлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска. Пратакол афармляў і перафармляў капітан Паўлаў, кансультаваўшыся з начальнікам Кастрычніцкага РАУС Зубцом, які і загадаў “закрыць” дзяўчыну.
Разам з тым па прыездзе ў другі раз у суд Алена Семенчукова запатрабавала адваката. Тады суд перанеслі на 5 ліпеня на 15:00. 4 ліпеня актывістка БХД разам з Таццянай Севярынец будуць заключаць дамову з адвакатам.
Алена Семенчукова добравядомая міліцыянтам мясцовая актывістка, якую неаднаразова затрымлівалі. Апошні раз яе затрымалі ў траўні 2012 года за пікет салідарнасці з Сяргеем Каваленкам.