У Гомелі актывісты БХД змагаюцца з яздой па тратуарах

03 ліпеня 2012 14:39  |  Галоўныя навіны

Праведзеная ў Гомелі партыйная школа натхніла мясцовых актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на чарговыя звяршэнні ў абароне правоў грамадзянаў, паколькі ўлады іх не бачаць ці папросту не жадаюць бачыць. Пра гэта распавёў гомельскі абласны каардынатар БХД Юры Клімовіч.

 

Гэтак, хадэкі заняліся змаганнем з яздой аўтааматараў па ходніку (тратуары) каля Ўніверсітэту імя Францішка Скарыны. Па словах каардынатара БХД, машыны ездзяць там нібы па трасе, замінуючы праходу мінакоў. Пры гэтым улады і ДАІ на гэта проста заплюшчваюць вочы. У такім разе хрысціянскія дэмакраты заняліся ў межах кампаніі Рада народных дэпутатаў зборам подпісаў сярод студэнтаў вну і іншых жыхароў гораду з мэтай вырашэння дадзенага пытання.

 

Апроч таго, актывісты распрацоўваюць варыянты дапамогі жыхарам гомельскіх прыгарадаў, якія займаюцца вырошчваннем садавіны і гародніны на продаж. Гэтая праблема характэрная і для іншых рэгіёнаў у Беларусі, але ў Гомелі яна набыла найбольшую вастрыню. Жыхары прыгарадаў спрабуюць дамагчыся ад уладаў магчымасці далучыць да іх участкаў невялікія кавалкі калгасных земляў (5-10 сотак), якія не апрацоўваюцца. Але ўлады пакідаюць іх звароты без разгляду.

 

“Прасцей атрымаць 5 гектараў для фермерства, чым гэтыя 10 сотак. Усё гэта выглядае тым больш дзіўна, што на садавіну і гародніну, якая вырошчваецца ў Беларусі, самыя вялікія кошты. Танней купіць апельсіны і бананы, чым яблыкі ды клубніцы. Гэта проста абсурд”, – адзначыў Юры Клімовіч.

Болей навін