У Беларусі на ўліку стаяць 178 тыс. залежных ад алкаголю чалавек

04 ліпеня 2012 16:58  |  Грамадства

Паводле ацэнкі экспертаў інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, каля 15% дарослага насельніцтва Беларусі займаецца самагонаварэннем.

 

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя, зыходзячы з гэтага можна зрабіць выснову, што ўзровень рэальнага спажывання спіртных напояў у Беларусі складае больш за 15 літраў на душу насельніцтва. Для параўнання можна адзначыць, што ў Расеі фактычны ўзровень спажывання спіртных напояў на аднаго чалавека складае 18-20 літраў. Па агульнасусветным стандартам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя гранічна крытычным паказчыкам з’яўляецца 8 літраў абсалютнага алкаголю на аднаго чалавека. У выпадку перавышэння гэтай нормы адбываецца паступовая дэградацыя нацыі ў сацыяльна-дэмаграфічным, эканамічным, сацыяльным, культурным і іншым стаўленні.

 

Органамі ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі пастаянна арганізоўваюцца рэйды па выяўленні апаратаў і міні-заводаў па вырабе самагону і самагоннай брагі, спыненню фактаў самагонаварэння ў лясных угоддзях. Так, у 2011 годзе канфіскавана і знішчана больш за 1 млн 114 тыс. літраў самагону і самагоннай брагі, каля 413,5 тыс. літраў фальсіфікаваных спіртных напояў, у тым ліку вырабленыя на лікёрагарэлачных прадпрыемствах з няякаснага сыравіны і з парушэннем патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту. Спынена 11 тыс. 275 фактаў незаконнай рэалізацыі і захоўвання алкагольнай прадукцыі.

 

Да адміністрацыйнай адказнасці за выраб або набыццё самагонкі і брагі, захоўванне самагонных апаратаў прыцягнута 7.132 чалавекі, за парушэнне патрабаванняў дэкрэта прэзідэнта ад 9 верасня 2005 г. № 11 “Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” – 2 тыс. 289 асоб.

 

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, колькасць змешчаных на дыспансерным ўліку ў наркалагічных дыспансерах на 1 чэрвеня асоб з залежнасцю ад алкаголю складае 178 тыс. 33 чалавекі. Упершыню пастаўлена на дыспансерны ўлік за пяць месяцаў 2012 10.003 чалавекі.

 

Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі праведзена даследаванне культуры спажывання спіртных напояў і сацыяльнай эфектыўнасці антыалкагольнай палітыкі. Высветлілася, што на распаўсюджанасць п’янства і алкагалізму асноўны ўплыў аказваюць наступныя фактары: нізкі ўзровень жыцця насельніцтва (43,5%), адсутнасць цікавых заняткаў у вольны час (38,3%), няправільнае выхаванне ў сям’і (37,5%), нягоды паўсядзённага жыцця (36,4%), “піцейныя” традыцыі і звычаі (34,8%), даступнасць набыцця спіртных напояў (34,3%). Вялікае значэнне таксама мае вялікі аб’ём вытворчасці і продажу спіртных напояў (25,7%), сямейныя сваркі і канфлікты (26,3%), шырокая рэклама спіртных напояў на тэлебачанні і іншых СМІ (22,2%), недастатковая антыалкагольная асвета і выхаванне (19,9%), нізкія цэны на спіртныя напоі (19,1%) і іншыя фактары.

Болей навін