Збітая ў Слоніме актывістка БХД сутыкнулася з кругавой парукай
Следчы камітэт стаў на абарону міліцыянтаў, якія катавалі ў Слоніме актывістку БХД Вольгу Пансевіч.
Жанчыне нават не даюць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па яе скарзе, каб працягнуць абскарджанне дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Вольгу Пансевич затрымалі 21 красавіка ў двары свайго дома, пачалі збіваць, пасля чаго гвалтоўна запіхнулі ў машыну, адвезлі ў Слонімскі РАУС, дзе склалі 2 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Трое сутак актывістку пратрымалі ў ІЧУ Слонімскага РАУС, дзе збівалі і рабілі “ластаўку”. Выйшаўшы з ізалятару, Вольга Пансевіч зняла пабоі і напісала скаргу ў пракуратуру. Тым часам суд Слонімскага раёна вынес пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні і наклаў спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 2,5 млн рублёў. Пры гэтым суд ўлічыў толькі паказаньні супрацоўнікаў міліцыі, якія выступілі сведкамі.
У судзе было зачытана заключэнне судова-медыцынскай экспертызы, дзе былі засведчаны шматлікія пабоі.
Праверку па скарзе жанчын на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі праводзіў Слонімскі раённы аддзел Следчага камітэта і прадказальна вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Зыходзячы з паказанняў супрацоўнікаў міліцыі, прыведзеных у матэрыяле, карціна і сапраўды паўстае жахлівая. Пансевіч, нібыта, была п’яная, нецэнзурна выяўлялася ў цэнтры горада і размахвала рукамі нягледзячы на папярэджанні супрацоўнікаў міліцыі, аказвала супраціў, у выніку чаго да яе былі ўжытыя кайданкі і фізічная сіла. У ІЧУ, па словах міліцыянтаў, жанчына працягнула паводзіць сябе агрэсіўна і з выклікам: пасля пасялення ў камеру біла нагамі ў дзверы, зламала камеру назірання і нават спрабавала ўчыніць у камеры пажар, каб замкнуць праводку і абясточыць ІЧУ (!).
На фоне ўсяго гэтага супрацоўнікі міліцыі, мяркуючы па іх паказаннях, паводзілі сябе вельмі карэктна і ветліва. Так з паказанняў супрацоўнікаў ППСМ Слонімскага РУУС Зіневіч С.П. і Быцко Е.Г., а таксама супрацоўнікаў ІЧУ Слонімскага РУУС Клыбіка С.А. і Яфіміка А.І вынікае, што яны ўжылі спецсродкі (кайданкі і вяроўку для звязвання) выключна для таго, каб жанчына не нанесла шкоды сабе і навакольным, а таксама ў мэтах захавання маёмасці ІЧУ.
Тым не менш, перакананасць Следчага камітэта ў культурных і правамерных паводзінах супрацоўнікаў міліцыі грунтуецца выключна на іх уласных паказаннях і не знаходзіць аб’ектыўнага пацверджання. Так, у адмове, атрыманым Вольгай Пансевіч, нічога не гаворыцца пра прагляд матэрыялаў камер сачэння, у тым ліку і нібыта пашкоджанай, не маецца вопісу нібыта пашкоджанай маёмасці, не маецца ніякіх пацверджанняў таго, што Пансевіч знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. Але ёсць паказанні сукамерніцы, якая не пацвярджае паказанні супрацоўнікаў міліцыі аб неадэкватных паводзінах актывісткі ў ІЧУ.
Таксама маюцца вынікі судова-медыцынскай экспертызы, якая зафіксавала шматлікія пашкоджанні «у выглядзе сінякоў верхніх канечнасцяў, паяснічнай вобласці, ніжніх канечнасцяў, ранак верхніх канечнасцяў». У перакладзе з пратакольнай мовы на чалавечую гэта азначае, што слядоў ад “ветлівага і карэктнага звароту супрацоўнікаў міліцыі” ў Вольгі Панасевіч не выявілі хіба што на галаве.
Сітуацыю пракаментаваў праваабаронца Сяргей Усцінаў, – «у адпаведнасці з ч.2ст.174 КПК прыняцце рашэнняў па заявах аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў ставіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства, гэта значыць, да следчых следчага камітэта. Праблема ў тым, што следчыя ўтворанага ў пачатку гэтага года Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь гэта ў нядаўнім мінулым следчыя МУС, а як гаворыцца ў народзе «крумкач крумкачу вока не выдзеўбе». Пракуратура ўхіляецца ад сваіх службовых абавязкаў у адпаведнасці з ч. 4 арт.34 КПК «ўзбуджэнне крымінальнай справы», а таксама ажыццяўленне нагляду за выкананнем законнасці. Усё гэта пацвярджаецца тым, што заява, пададзеная Вольгай Пансевіч ў пракуратуру імгненна было пераслана ў Следчы Камітэт “.