У Багушэўскім шпіталі зноў галадаюць хворыя на сухоты
У Багушэўскім абласным сухотным шпіталі ў Віцебскай вобласці зноў узмацніўся ціск на хворых, якія выказваюць сваю нязгоду з метадамі лекавання.
“Пры гэтым носьбіты бактэрыялагічнай зброі, якія сутыкаюцца з надзвычайным прэсінгам, могуць абараняцца толькі пасродкам палачкі Коха і галадоўкі, якія для хворых на сухоты супрацьпаказаная, бо іх лекаванне напрамую залежыць ад належнага харчавання”, – адзначаюць яны.
Па словах хворых, згодна са статыстыкай, харчаванне хворых знаходзіцца ў адпаведнасці з нормамі міністэрства аховы здароўя, але насамрэч не адрозніваюцца ад пайкі для асуджаных у турмах.
Таксама хворыя выступаюць супраць “новых” метадаў лекавання, якія ўжывае адміністрацыя шпіталю і якія з’яўляюцца састарэлымі ў сусветнай практыцы, а ў краінах Еўрапейскага звязу не выкарыстоўваюцца ўжо 40 гадоў.
“Метады лекавання патрабуюць найхутчэйшага рэфармавання па ўсёй тэрыторыі таталітарнай дзяржавы. З мэтай хавання фактаў незадаволенасці пацыентаў адміністрацыя працягвае ціснуць на хворых. Я вымушаны абвесціць з 17 ліпеня галадоўку з адмовай ад прыёму ўсіх лекаў. З павагай да ўсіх неабыякавых інвалід другой групы Такаровіч Мікалай Сямёнавіч”, – адзначыў у сваёй заяве пацыент шпіталю.