Аргкамітэт кампаніі байкоту заклікае стаць відавочцамі народнага байкоту

19 ліпеня 2012 12:29  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт Аргкамітэт кампаніі байкоту заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі стаць відавочцамі народнага байкоту і ўвайсці ў склад участковых выбарчых камісій. Тэкст заявы падпісалі Аляксандр Казулін, Аляксандр Атрошчанкаў, Генадзь Федыніч, Дзмітрый Усс, Віталь Рымашэўскі і Віктар Івашкевіч. Прапнуем вашай увазе поўны тэкст заявы:

 

Аргкамітэт кампаніі байкоту заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі

 

СТАЦЬ ВІДАВОЧЦАМІ НАРОДНАГА БАЙКОТУ 

Ні адны выбары ў Беларусі за апошнія 15 гадоў не праводзіліся без грубага парушэння нормаў міжнароднага права. Пачынаючы з моманту фарміраваньня камісій да моманту «падліку» галасоў і фіксацыі яўкі выбаршчыкаў, улада парушае права беларусаў на сумленныя і справядлівыя выбары. Але тое, што відавочна для нас з Вамі, неабходна зрабіць відавочным для большасьці беларусаў.

 

Кампанія байкоту пачынае вылучэньне ў склад участковых выбарчых камісій прадстаўнікоў – відавочцаў народнага байкоту.

Мы заклікаем грамадзян Беларусі да 5 жніўня 2012 году вылучацца ў склад участковых камісій шляхам падачы заявы ад імя грамадзян Беларусі. Заява павінна быць падпісаная ня менш як 10-цю грамадзянамі, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Усе, хто будзе вылучаны шляхам збору подпісаў, – стануць прадстаўнікамі простых грамадзянаў Беларусі. Адмаўляючы ім, камісія парушае правы тых людзей, хто паставіў подпіс у падтрымку. Гэта выдатная магчымасьць распавесьці знаёмым, суседзям пра стаўленьне ўладаў да іх, пераканаць далучыцца да байкоту.

Таксама Аргкамітэт прапануе вылучацца ў склад участковых камісіяў ад грамадзкіх арганізацый. Уся неабходная інфармацыя пра вылучэньне чальцоў выбарчых камісій ёсьць на афіцыйным сайце байкоту.

 

Вылучаючы прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў, мы ставім уладу перад дзьвюма кепскімі выбарамі: прапусьціць незалежнага прадстаўніка ў склад участковай камісіі і атрымаць незалежнага назіральніка з правам голасу, які будзе фіксаваць рэальную яўку выбаршчыкаў, парушэньні закону, альбо адмовіць – і тым самым пацьвердзіць, што свабодных і празрыстых выбараў у краіне няма. Масавая адмова незалежным прадстаўнікам – сама па сабе ўжо пацьвярджэньне адсутнасьці свабодных выбараў у краіне.

 

http://www.bajkot.info/

Аргкамітэт кампаніі байкоту

 

Аляксандр Казулін

Аляксандр Атрошчанкаў

Генадзь Федыніч

Дзмітрый Усс

Віталь Рымашэўскі

Віктар Івашкевіч

Болей навін