Ярмошына: агітаваць за байкот можна, толькі нельга (фота)

26 ліпеня 2012 09:33  |  Галоўныя навіны

Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя атрымала адказ ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на зварот з заклікам патлумачыць, як можна агітаваць за байкот.

 

Паведаміўшы, што агітацыя за байкот выбараў падчас перадвыбарчай кампаніі дазволеная, яна разам з тым паведаміла, што правядзенне пікетаў дазволена толькі кандыдатам у дэпутаты і іх давераным асобам, тады як на байкотныя пікеты трэба атрымліваць дазвол ад уладаў. Пра тое, што такі дазвол атрымаць немагчыма, сведчаць як пад капірку напісаныя адмовы на правядзенне пікетаў у Менску, Гомелі і іншых гарадах Беларусі.

 

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што агітатары за байкот не могуць разлічваць на выраб друкаванай прадукцыі ў дзяржаўных установах падчас перадвыбарчай кампаніі. “Што тычыцца перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюць выбаршчыкі, то выбаршчыкі могуць звяртацца ў акруговыя камісіі з заявамі аб прадстаўленні памяшканняў для гэтай мэты”, – паведаміла яна.

 

Пры гэтым яна адмовілася адказваць на пытанні, датычныя дзейнасці праваахоўных органаў і рэкламы ў СМІ.

 

Нагадаем, што сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі 16 ліпеня звярнуліся ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з просьбай патлумачыць, якім чынам грамадзяне Беларусі могуць заклікаць да байкоту выбараў.

 

Сярод іншага яны пыталіся, “ці могуць супрацоўнікі міліцыі ці супрацоўнікі іншых ведамств перашкаджаць грамадзянам Рэспублікі Беларусь рэалізоўваць сваё права ўдзельнічаць у выбарах у форме заклікаў людзей да байкоту парламенцкіх выбараў праз распаўсюд друкаванай прадукцыі ці іншыя форму агітацыі? Да каго звяртацца грамадзянам РБ, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджаюць ім рэалізаваць сваё права на агітацыю да байкота? Просім патлумачыць, як мы можам гэта рэалізаваць не парушаючы выбарчае заканадаўства?” Але адказу, як бачым, на гэтае пытанне, як і на шэраг іншых Лідзія Ярмошына не дала.

 

Ярмошына: агітаваць за байкот можна, толькі нельга (фота)Ярмошына: агітаваць за байкот можна, толькі нельга (фота)

Болей навін