У Мінску невядомыя апаганілі помнік ля Чырвонага касцёла – фота
У Мінску невядомыя апаганілі помнік арханёла Міхала, які перамагае д’ябла, усталяваны каля касцёла святых Сымона і Алены (таксама вядомы як Чырвоны касцёл). Невядомыя ў ноч з 26 на 27 ліпеня расклалі на помніку бутэлькі, цыгарэты і рэшткі ежы. Сляды папойкі раніцай 27 ліпеня выявілі парафіяне касцёла, якія і паведамілі карэспандэнту Тэлеграфа аб тым, што здарылася.
Па словах вернікаў, блюзнерства сітуацыі пагаршае тое, што, паводле вучэння Каталіцкага касцёла, арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Беларусі.
Гэта ўжо не першы выпадак апаганьваньня каталіцкіх храмаў у Беларусі за апошні час. Так, у Бабруйску Магілёўскай вобласці ў канцы траўня былі выяўленыя надпісы на сценах былога езуіцкага касцёла, які з’яўляецца да таго ж гісторыка-культурнай каштоўнасцю, абвяшчае “Смерць каталікам!”, “Бі паноў, ратуй Расію” і гэтак далей.
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў сувязі з гэтым звярнуўся з заклікам расследаваць факты распальвання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці ў краіне ў Генеральную пракуратуру Беларусі і міністэрства культуры, якія перанакіравалі зварот уладам Бабруйска. Тыя ж у сваю чаргу нічога абразлівага ў надпісах не знайшлі, але паабяцалі прыняць усе неабходныя захады да абароны помніка гісторыі і культуры, паведамілі 26 ліпеня Тэлеграфу ў БХД.
Акрамя таго, бабруйская міліцыя распачала адміністратыўную справу па арт. 19.4 КаАП Беларусі, але закрыла яе, паколькі “вызначыць асобу, якая ўчыніла пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, не прадставілася магчымым”. У БХД такія заявы бабруйскіх уладаў лічаць звычайнай адпіскай.