Яўгена Васьковіча паставілі на прафілактычны ўлік
Сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўгена Васьковіча, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4, паставілі на прафілактычны ўлік. Пра гэта ён паведаміў у лісце сваім бацькам.
Падставай для гэтага стала быццам схільнасць Яўгена да ўцёкаў і радыкальных дзеянняў.
Таксама палітвязень паведаміў, што 11-21 ліпеня знаходзіўся ў ШІЗА за тое, што заснуў удзень. “Відавочна, на Яўгена як і на іншых палітвязняў узмацняецца ціск”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Па словах палітвязня, да яго нядаўна прыходзілі людзі ў цывільным, якія прапаноўвалі яму напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым. Пры гэтым да яго перасталі даходзіць нават квітанцыі ад заказных лістоў, якія слалі яму. Цяпер ён атрымлівае толькі лісты ад бацькоў.
Таксама Васьковіч паведаміў, што ў турме працуе: дастае гумкі з вопраткі, якая ідзе на ўтылізацыю. “Ад такой працы эканоміка стабільна будзе расці”, – жартуе Яўген.
Палітвязень захоўвае пазітыўны настрой і на здароўе не скардзіцца.